Колькасць беларусаў знізілася да ўзроўню 1978 года (графік)

За апошнія 18 гадоў мы згубілі 778 тысяч чалавек. Гэта, вядома, не кожны трэці, як падчас вайны. Але кожны трынаццаты. Вось такая бязрадасная лічба.

Цікава, што амаль 50 гадоў: з 1945 па 1994 — насельніцтва Беларусі стабільна расло. А вось з “паваротнага” 1994 года беларусы прынцыпова паміраюць у большай колькасці, чым нараджаюцца. І ніякія эканамічныя цуды не дапамагаюць. Цікава, што ж такога змянілася ў краіне ў гэты, здаецца, нічым не адметны год?

Гэты графік у большым памеры.

Калі б насельніцтва Беларусі працягвала скарачацца тымі ж тэмпамі, праз 15 гадоў мы “выйшлі” б на… даваенны ўзровень! А там і да дарэвалюцыйнага недалёка! Але за студзень — лістапад 2012 года натуральнае змяншэнне склала ўсяго 4,5 тысячы чалавек. Верагодна, "страты" Беларусі за ўвесь год не перавысяць 6 тысяч.

Сёлета ўлады ўсур’ёз узяліся за дэмаграфічную сітуацыю. Наведваючы РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, кіраўнік дзяржавы паставіў задачу: выйсці на прырост насельніцтва да 2015 года. Дэмографы ўспрынялі гэтыя намеры скептычна. Маўляў, нараджаць няма каму.

А Еўрарадыё вырашыла высветліць, калі ўлады ўсвядомілі змяншэнне насельніцтва як пагрозу бяспецы Беларусі, і колькі гадоў гэтая найважнейшая праблема вырашаецца, як кажуць, на самым высокім узроўні.

2004, пасланне парламенту

"Мусіць быць дапрацаваная Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі. Ажыццёўленыя захады па павелічэнні нараджальнасці, зніжэнні смяротнасці насельніцтва".

2006, даклад на 3-м Усебеларускім народным сходзе

"Важнейшыя задачы, якія стаяць перад намі, — гэта павышэнне нараджальнасці, зніжэнне смяротнасці і ўмацаванне сям'і. Гэта праблемы дзяржаўнай важнасці. Калі хочаце, праблемы выжывання нашай дзяржавы ў будучыні.

Насельніцтва нашай краіны скарачаецца, і вельмі хутка. Прыкладна 50 тысяч штогод. І калі мы не ліквідуем гэтыя "дэмаграфічныя нажніцы", не забяспечым роўнасці, а лепш — перавышэння нараджальнасці над смяротнасцю, Беларусь як самастойная дзяржава, згубіць гістарычную перспектыву.

Наша зямля, як я ўжо казаў, можа свабодна пракарміць не 10, а 30 мільёнаў насельніцтва. І, у прынцыпе, да гэтага трэба імкнуцца. Тады ў нас будзе стабільная краіна з добрым патэнцыялам для развіцця. Каб на гэтай зямлі жылі беларусы, трэба, каб нашы сем'і імкнуліся мець паболей дзяцей, мінімум — па трое. (Апладысменты.)"

2008, прэс-канферэнцыя для расійскіх СМІ

"Марыя Кузяванава, газета "Вести. Киров": Аляксандр Рыгоравіч, як у Беларусі вырашаецца дэмаграфічная праблема?

Лукашэнка А.Г.: Я думаю, каротка на гэтае пытанне наш віцэ-прэм'ер Косінец Аляксандр Мікалаевіч адкажа.

Косінец А.М.: “Пад кіраўніцтвам прэзідэнта, па яго ініцыятыве была распрацаваная Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі на 2007-2010 гады. У 2006 годзе ў краіне нарадзілася дзяцей на 6,9% больш у параўнанні з 2005-м, у 2007 годзе — на 7,1%. Мы дамагаемся наступных паказчыкаў: агульны каэфіцыент нараджальнасці мусіць узрасці ў 2010 годзе да 10-11 працэнтаў на 1000 насельніцтва”.

Нягледзячы на тое, што каэфіцыенты ў працэнтах не вымяраюцца, паводле афіцыйнай статыстыкі, за 2010 год каэфіцыент нараджальнасці ў Беларусі склаў 11,4.

2010, даклад на 3-м Усебеларускім народным сходзе

"Трэба зрабіць усё, каб у нашай краіне прэстыжна было мець шмат дзяцей у сям'і. Некаторыя новаспечаныя дзеячы абяцаюць дзясяткі тысяч долараў на кожнага нованароджанага і дэкрэтны адпачынак ледзь не да паўналецця дзіця. Ну, мабыць, вырашылі падзяліцца з народам сваімі выбарчымі фондамі. Але і абяцяюць-та ўмоўна: ціпа, вылучым, але адразу не аддадзім, можа, пасля калі-небудзь, калі спатрэбіцца".

У 2010-м у Беларусі ўпершыню за апошнія 5 гадоў насельніцтва скарацілася больш значна, чым летась:

Год

Натуральнае змяншэнне, тысяч чалавек

2006

-51,4

2007

-41,7

2008

-29,4

2008

-26,0

2009

-25,8

2010

-29,1

2011

-25,9

Студзень — лістапад 2012

-4,5

2011, пасланне беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу:

"Пачынаючы з 2004 года ў нас расце нараджальнасць. За 5 гадоў з'явілася на свет больш за паўмільёна дзяцей. Аднак, нягледзячы на ўсе пазітыўныя перамены, карэнным чынам пераламіць сітуацыю пакуль не атрымалася. Наступствы дэмаграфічнага спаду 90-х гадоў мінулага стагоддзя будуць нагадваць пра сябе яшчэ доўгі час. І мы мусім зрабіць усё магчымае, каб пераадолець іх.

Сёння ў нас у краіне маладыя людзі хочуць — і гэта пацвярджаюць сацыялагічныя апытанні — мець дваіх і больш дзяцей. Задача дзяржавы — стварыць умовы, калі пры нараджэнні другога дзіцяці ўзровень прыбытку сям'і не будзе зніжацца".

Нараджальнасць у Беларусі сапраўды расла з 2004 года па... 2010-ы! А ў 2010-м, наадварот, скарацілася. Што праўда, у 2011-м сітуацыя выправілася:

Год

Нарадзілася дзяцей, тысяч

2009

109,263

2010

108,123

2011

109,364

Студзень — лістапад 2012

105,736 (на 5,7 тыс. Больш, чым за студзень — лістапад 2011)

2011, там жа:

"Ураду трэба пакласці на стол Праграму падтрымкі мацярынства і дзяцінства. Адно дзіця — гэта ваша дзіця. Два — паглядзім на сям'ю, можа, каго і трэба падтрымаць, але гэта таксама вашы дзеці. Вось трэцяе — гэта маё дзіця".

2012, пасланне беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу:  

"...у нас "падаючае насельніцтва" — памірае больш, чым нараджаецца. Але добра, што ў апошні час наблізіліся, але ўсё роўна на некалькі тысяч штогод памірае больш, чым нараджаецца. Нам трэба гэты працэс спыніць і назад яго павярнуць".

Што ж, днямі кіраўнік дзяржавы абазначыў і дату "развароту": да 2015 года.

Фота: sozhnews.info.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі