Колькасць асуджаных да смерці ў Беларусі скарацілася ў 15 разоў
Але целы расстраляных не выдаюцца для пахавання, месца пахавання застаецца невядомым, а ў пасведчанні аб смерці у графе “прычына смерці” ставіцца прочырк.
29 ліпеня ў Мінску ў галерэі “Ў” адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма “Прычына смерці ----------”, створанага ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”.
Беларусь — апошняя краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль захоўваецца смяротнае пакаранне.
У фільме расказваецца пра тое, як маці Андрэя Жука, асуджанага да смяротнага пакарання, прывозіць сыну перадачу ў СІЗА на вул. Валадарскага ў Мінску. Але перадачу не прымаюць, а ахоўнік кажа: “Не шукайце яго нідзе, адбыў па месцы выканання прысуду”.
Каб знайсці месца пахавання сына, яго маці ходзіць да варажбітак, шукае яго на гарадскіх могілках сярод безыменных магіл…
Святлана Жук: “Пасля ўсяго, што здарылася, я ездзіла гадаць… Мне адна выражбітка сказала, што — роўнае месца, ускраіна лесу, кусты… Пахаваны, як сабака”.
Сваякам не паведамляецца пра дзень прысуду, целы расстраляных не выдаюцца для пахавання, месца пахавання застаецца невядомым, а ў пасведчанні аб смерці у графе “прычына смерці” ставіцца прочырк.
На прэзентацыі прысутнічаў і старшыня Вярхоўнага Савета 12 склікання Мечыслаў Грыб. Менавіта пад яго кіраўніцтвам быў затрыманы вядомы "віцебскі маньяк" Генадзь Міхасевіч.
Мечыслаў Грыб: "За злачынствы, якія зрабіў маньяк Міхасевіч на тэрыторыі Віцебскай вобласці за 15 гадоў, незаконна былі асуджаныя на доўгія тэрміны зняволення 13 чалавек, а адзін з іх быў расстраляны. Чалавека расстралялі ні за што. І калі раней я неяк не задумваўся аб смяротным пакаранні, то пасля гэтага выпадку, які мне давялося бачыць на свае вочы, я прыйшоў да высновы, што гэта няправільна".
Мечыслаў Грыб кажа, што плён кампаніі “Супраць смяротнага пакарання” ёсць. За апошнія гады расстраляных у Беларусі стала нашмат менш:
“Калі раней у год прысуджалі да смяротнага пакарання 30 ці больш чалавек, то сёння гэта — 2-3 за год. Гэта таксама вынік нашай супольнай працы. Я разумею, што гэта дрэнна, калі расстрэльваецца хоць адзін чалавек. Але параўноўваць гэтыя лічбы мы таксама можам, і можам сказаць, што маем поспех у сваёй працы. І яго трэба развіваць”.
Шмат хто лічыць, што гэта яго не датычыцца. Але кожны з нас можа стаць "прочыркам". Такімі словамі закончыў прэзентацыю каардынатар кампаніі Андрэй Палуда.
Далучыцца да петыцыі супраць смяротнага пакарання можна на сайце http://petition.spring96.org.