Крэдыт на адукацыю: бярэш 35 мільёнаў, вяртаеш 150!
Адразу пасля заканчэння ВНУ маладому спецыялісту давядзецца плаціць штомесяц па 2,5 мільёны рублёў, каб разлічыцца з банкам.
Разам са спажывецкімі крэдытамі істотна падаражэлі і крэдыты на адукацыю. У "Белаграпрамбанку" крэдыт на навучанне — пад 44%, а год таму такі крэдыт выдаваўся пад 15%.
"Беларусбанк" выдае крэдыт на адукацыю пад 30%. Ёсць тут і ільготны крэдыт, пад працэнт, роўны палове ад стаўкі рэфінансавання. Але выдаюць яго пры ўмове, што даход на члена сям’і не большы за 1,5 мільёны.
Але ў "Белаграпрамбанку" крэдыт на навучанне дадуць толькі ўдзельнікам адмысловай праграмы.
“Студэнцкі крэдыт на навучанне даецца толькі ў рамках дзіцячай ашчаднай акцыі. Трэба было адкрыць уклад мінімум на мільён рублёў на 500 дзён. І ўдзельніку мусіць быць не больш за 16 год”.
Такім чынам, каб атрымаць крэдыт, неабходна за тры гады да паступлення зрабіць уклад.
Уявім, што маем такі ўклад і паступаем на спецыяльнасць “Міжнародныя адносіны” ў БДУ, якая каштуе каля 35 мільёнаў за 5 год. Бліжэйшым часам чакаецца падаражанне аплаты, але не больш за 20%, як упэўніваюць на Факультэце міжнародных адносінаў.
“Крэдыт тэрмінам да 11 год. Стаўка па крэдыце 44% гадавых. Максімальная сума 40 мільёнаў. Крэдыт пералічваецца безнаяўна ва ўніверсітэт”, — гавораць у "Белаграпрамбанку". Атрымаць такі крэдыт зможа студэнт, у якога адзін з бацькоў зарабляе больш за 5 мільёнаў!
Пяць гадоў студэнт зможа вучыцца і не ўзгадваць пра пазыку, але потым…
“Вы пачынаеце аплату крэдыту пасля таго, як скончыце вучобу, праз тры месяцы пасля вучобы. На сёння гэта 2 мільёны 500 тысяч”.
Такім чынам, пасля вучобы выпускнік мусіць знайсці працу, дзе плацяць больш за 2,5 мільёны. На які заробак зможа разлічваць выпускнік Факультэта міжнародных адносінаў — пытаемся ў кадравым агенцтве “Калекцыя адкрыццяў”.
“Здараецца, 200 долараў прапануюць, 300. Мы наогул шукаем працу толькі людзям, якія маюць досвед”.
Паводле сённяшняга курса, 300 долараў — гэта 2,6 мільёны. То бок у выпускніка застанецца 100 тысяч на жыццё. Нават на камуналку не хопіць.
Калі браць крэдыт на навучанне сёння, то пагасіць яго трэба будзе да 2021 году.
Дарэчы, калі аплата на "Міжнародных адносінах" падаражэе на 20%, то крэдыту ад "Белаграпрамбанка" ўжо не хопіць.
Фота: photosight.ru