Ладуцька: З "Ітэрай" развіталіся, для “Мінск-сіці” шукаем іншага інвестара
Для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта "Дзелавы цэнтр" Мінск-Сіці" будзе знойдзены новы інвестар.
Пра гэта заявіў старшыня Мінгарвыканкаму Мікалай Ладуцька пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Ладуцька: "Кіраўнік дзяржавы выказаў незадавальненне ходам рэалізацыі гэтага праекта. Прынята рашэнне пра неабходнасць скасавання адносін паміж дзеючым інвестарам і Рэспублікай Беларусь. Ёсць шэраг зваротаў іншых інвестыцыйных кампаній з розных частак планеты. Ім будзе прапанавана ўвайсці ў рэалізацыю гэтага праекта на тых жа ўмовах, якія былі першапачаткова агавораны для дзейнага на гэты момант інвестара".
Нагадаем, расійская кампанія “Ітэра”, якая была інвестарам “Мінск-Сіці”, за 2 гады выдаткавала толькі 0,5% абяцаных інвестыцый на будаўніцтва. Агулам праект "Мінск-Сіці” павінен быў каштаваць 5 мільярдаў долараў.