Леслі Найф зняў фільм-рэакцыю на падзеі з Pussy Riot (Глядзець)

130108_malina_gt.mp3

Лідар гурта Gods Tower Леслі Найф зняў 48-хвілінны тэлеспектакль пад назвай “Понедельник начинается в субботник”.

“Фільм задумваўся, як гратэск на ненармальную прысутнасць праваслаўя ў нашым жыцці, якая яшчэ і павялічваецца, — распавядае рэжысёр, аператар, мантажор, акцёр ды адзін з аўтараў карціны Лэслі Найф. — Хацелася неяк адрэагаваць на падзеі з Pussy Riot. Але першапачаткова ён, натуральна, быў па-іншаму закручаны. На выхадзе атрымаўся значна больш моцны твор, чым раней планавалася”.


Праца над фільмам вялася адмыслова створаным творчым аб’яднаннем “Дзяргач”, паводле назвы тэлепраграмы савецкіх часоў, якая была гомельскім аналагам расійскага “Фитиля”. Здымалася ўсё бясплатна пасля працы ды на выходных, акцёрамі выступалі даўнія сябры музыкі ды часам для масоўкі — выпадковыя людзі. Сам Лэслі выканаў ролю міліцыянта, ад якой адмаўляліся ўсе астатнія. Агулам, праца над “Понедельник начинается в субботник” заняла каля трох месяцаў.

“Працавалі па прынцыпе “Догмы-95”, калі немагчыма аб’яднаць тры асновы, — працягвае Лэслі. — Ці фільм будзе рабіцца хутка і танна, але не будзе якасным, ці ён будзе якасным і хутка зробіцца, але не будзе танным і г.д. А ў нас атрымалася, што працавалі доўга, танна, і, у прынцыпе, атрымалася якасна”.

Лэслі адзначае, што першапачаткова фільм планаваўся выключна для распаўсюджвання ў інтэрнэце. Пра тое, што ён будзе паказаны па тэлевізары нават думаць не даводзіцца. У якасці саўндтрэка да фільма Лэслі абраў гурты Dis Tortion ды Re123+, а пра кампазіцыі Gods Tower нават гаворкі не вялося.

“Справа ў тым, што ў Dis Tortion ужо даўно праблемы, і невядома ці будзе гэты гурт жыць далей, — тлумачыць выбар Ножык. — Таму мы адразу вырашылі, што саўндтрэкам будзе Dis Tortion, як адзін з варыянтаў нагадаць пра гэты гурт. Ну а Re123+ проста ідэальна лёг на той эпізод, дзе гучыць, і мне нічога іншага да галавы не прыйшло б”.


Цяпер ТА “Дзяргач” рыхтуецца да наступнага праекта — рымэйка класічнай стужкі, якая будзе адаптаваная да нашых рэаліяў, праўда, яе назву пакінулі ў сакрэце.

Нагадаем, у якасці рэжысёра Лэслі Найф дэбютаваў на пачатку мінулага году, калі ў інтэрнэце з’явіўся яго кароткі фільм “Тынкоўшчык”.

Фота: darkside.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі