Лідар HandmadE ўрэзаўся ў слуп і напісаў песню “Самалёт”

130123_ma6a_hm.mp3

Пару тыдняў таму фронтмэн гурта HandmadE Яўген Валошын ехаў на аўтамабілі і каля мінскага клуба Re:Public урэзаўся ў ліхтарны слуп. Праз некалькі дзён да яго прыйшоў тэкст песні “Самалёт”. Яўген называе такі “прыход” асацыятыўнай лірыкай.

samaliot.mp3 ("Самалёт")

Яўген Валошын: “Песня атрымалася пра тое, што ёсць пачуцці, якія выклікаюцца чымсьці незваротным: тым, што было і што складана вярнуць. Пра гэта ў кнізе “Ордэн белай мышы” яшчэ пісаў наш класік Уладзімір Арлоў. Вось гэта тая тэма. І асацыятыўна тэкст выкліканы такой тэмай. Але асацыяцыі ўжо з майго асабістага жыцця”.

Яўген Валошын


 

Андрэй Маркуц


Музыку для “Самалёта” гітарыст HandmadE Андрэй Маркуц напісаў 20 гадоў таму! Упершыню песню выканалі ў шчыльна набітым людзьмі клубе “Графіці” марозным студзеньскім вечарам.

“Мы ўбачылі афішу, паслухалі “дэма”, і нам спадабалася! — тлумачыць сваё з’яўленне ў на канцэрце HandmadE Марына. — Па-першае, тым, што спяваюць па-беларуску: не так шмат у нас тых, хто размаўляе і спявае па-беларуску. А па-другое, дастаткова маладзёжны гурт, цікава тут бавіць час, слухаць”.


Апроч новых песень кшталту “Самалёт” ці “Сеньярыта з Коста-Рыкі”, HandmadE выканалі песні са свайго адзінага на сёння альбома “На вачах тваіх” і любімыя ўсімі хіты на вершы Глеба Лабадзенкі“Вуліца-дым”, “Калыханка”, “Толькі разам”. Мнагакратны чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў, якога Еўрарадыё сустрэла ў клубе “Графіці” на канцэрце HandmadE, мяркуе, што песні гурта утрымліваюць не толькі добрую лірыку, але і “разумнае, добрае і вечнае”.

Віталь Гуркоў: “У жыцці хочацца верыць у нейкія рэчы кшталту вышэйшага космасу, кахання, у тое, што сапраўды важна. І на жаль, у музыцы зараз не так шмат прадстаўнікоў, якія могуць накіраваць на верны шлях. Бо музыка нам дадзеная дзеля таго, каб натхняцца, каб ісці далей, каб абуджацца, каб верыць у лепшае. І ў HandmadE гэта атрымоўваецца”.


Сам Яўген Валошын не чакаў ні аншлагу на канцэрце, ні таго, што большасць песень гурта публіка спявала напамяць, ні таго, што музыка гурта валодае тэрапеўтычным эфектам.

Яўген Валошын: “Тое, што любяць гурт HandmadE — гэта для мяне навіна. Таму што канцэртаў толкам не было, нас на фестывалі амаль не запрашаюць, і мы граем для сябе. І мы думалі, што сёння мароз, і людзі не прыйдуць, а тут білетаў не хапіла! Таму будзем далей рабіць канцэрты і прасоўваць паэзію!”


Напрыканцы імпрэзы музыкі HandmadE паабяцалі прыхільнікам, што канцэртных прастояў больш не будзе. І запрасілі на наступныя выступы 14 і 15 лютага ў Мінску.

Фота: www.budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі