Лукашэнка: Больш бязглуздай, бесталковай дэмакратыі ў краіне не будзе

А таксама падыскутаваў з карэспандэнтам Еўрарадыё.

Пра “канец дэмакратыі”

“Я вас папярэджваў: калі пачнецца нейкая “заварушка”, то ў нас гаручых рэчываў хапае, каб іх падкінуць. Але я вас таксама папярэджваў: “Хлопцы, вы не з тым звязаліся! Я хавацца ў падполлі не буду”. Таму давайце на гэтым завершым. Больш бязглуздай дэмакратыі, бесталковай дэмакратыі ў краіне не будзе. Мы не дадзім разарваць краіну”.



Пра выбары

“Мы забяспечылі ўсё для таго, каб галоўная палітычная кампанія прайшла сумленна, адкрыта, у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам. Гэта афіцыйна. А зараз я скажу паміж радкоў. Па патрабаванні нашых, спадзяюся, еўрапейскіх сяброў і не толькі, мы парушылі ўсе законы і заканадаўствы, дзейнічаючы па іх указцы. А як мне даклалі – аказалася і гэтага недастаткова! Вы, напэўна, не зусім добра падумалі, калі прад’яўлялі прэтэнзіі і выстаўлялі патрабаванні нам. Мы ж рабілі так, як вы патрабавалі! Якія да нас прэтэнзіі? Выбарчая кампанія была арганізавана пасля прыняцця новага Выбарчага заканадаўства. І гэта заканадаўства таксама было перапрацавана, каб дагадзіць АБСЕ. Мы стараліся нікому не даваць падстаў для папрокаў. Але выбачайце мяне – пісаць у заключэнні пра тое, што “падлік галасоў вёўся арганізавана, але маўкліва”! Слухайце, гэта калі прачытаюць беларусы, мы гэта апублікуем гэта заключэнне, 10 мільёнаў чалавек і нашы сябры будуць рагатаць. Мы што, крычаць павінны былі падчас падліку галасоў? Альбо тыя камісіі, якія гэта лічылі? Па вялікім рахунку, цяжка сказаць, што яшчэ мы не зрабілі, для таго, каб прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адпавядалі нейкім сусветным стандартам, якія, дарэчы, пакуль фармальна не існуе, і пра што я не так даўно казаў на саміце АБСЕ ў Казахстане”.

Пра назіральнікаў ад АБСЕ

“Часам асобныя місіі забываюцца, што яны прыехалі назіраць за выбарамі. Не камандаваць, не ацэнкі даваць, калі на тое пайшло. Падкрэслю пазіцыю беларускай дзяржавы і маю асабіста: павінны быць стандарты і крытэрыі, па якіх АБСЕ, роўна як і іншыя арганізацыі і грамадзяне павінны ацэньваць той ці іншы працэс. І тут не павінна быць ніякіх двайных стандартаў. Вось, ёсць дзесяць крытэрыяў, і па іх мы ацэньваем выбары. І на Захад ад Вены, і – на ўсход ад Вены. Гэтага няма. Таму, яны прыязджаюць і як яны гэта сабе ўяўляюць, так яны і пішуць… Але гэта што тычыцца выбараў. Якія адносіны мае эксперт АБСЕ, чыноўнік АБСЕ, а мы сябры АБСЕ і ўнёскі плацім туды, фактычна падначаленыя 56 кіраўнікам краін чыноўнікі, у тым ліку і беларускаму прэзідэнту, сёння выходзіць, ставіць да сцяны гэтага прэзідэнта і мучыць яго? Яны на гэта не маюць ніякага права, гэта амаральна. Але якія адносіны мае ўсё тое, што адбылося ноччу, у 2 ці 3 гадзіны ночы, выбары ўжо завяршыліся, якія адносіны АБСЕ мае да гэтых падзей?! Навошта пра гэта сёння ўвогуле пісаць альбо казаць у заключэнні? Гэта было за рамкамі выбараў”.



Пра Плошчу

“Праваахоўныя органы цярпліва зносілі бязмежжа малойчыкаў. Да таго часу, пакуль у справу не пайшлі выбухоўкі, пагромы і збіццё грамадзян. У любым цывілізаваным грамадстве беспакаранымі такія дзеянні не застаюцца. Тое, што паспрабавалі ўстроіць учора ў Мінску – не дэмакратыя, гэта – бандытызм. Вандалы і пагромшчыкі згубілі чалавечы твар, проста азвярэлі. Я ўсё разумею, да чаго гэта магло прывесці. Хто б быў вінаваты, хто б быў адказны за гэта? Толькі прэзідэнт. Бо функцыя прэзідэнта – забяспечыць бяспеку сваіх грамадзян. І ніхто мяне з нашых грамадзян і людзей сумленных і аб’ектыўных не папракне за гэтую ноч. Я адчуваю нейкую няёмкасць толькі за адно пасля гэтай ночы: што мне, кіраўніку дзяржавы і галоўнакамандуючаму ўзброенымі сіламі давялося пасылаць нашых хлапцоў на барыкады. Я іх прасіў: “Не правакуйце, не ініцыюйце ніякіх боек. Але калі будуць пляваць у твар – адкажыце самым жорсткім чынам. І вы бачылі, як дзейнічалі вайскоўцы: першы раз зайшлі, паспрабавалі натоўп развярнуць, сцішыць. Падалося, што нібыта супакоіліся. Была каманда выйсці з натоўпу і прапанавана разысціся. Не, усе гэтыя альтэрнатыўшчыкі, па якіх нехта зараз пакутуе і стогне нехта на Захадзе і на Усходзе, яны ізноў павялі людзей на штурм Дома Ураду. Кажыце, як павінен быў дзейнічаць прэзідэнт і сілавыя міністры? Мы павінны былі абараніць нашу краіну і яе будучыню”.

Пра тое, што адбывалася 19 снежня а 19 гадзіне каля офіса Уладзіміра Някляева і дыялог на гэту тэму з карэспандэнтам Еўрарадыё

“У 7 гадзінаў, як мне даклаў міністр, паступае інфармацыя, што на вуліцы Няміга, мы падазраём, што там ёсць тое, што не павінна быць. І калі прышлі на дагляд гэтых (трох –ЕРБ) аўтамабіляў, гэты нарад быў змяты – там было прыкладна 64 чалавекі – і пачалася бойка. І сёння кіраўнік штаба Някляева прызнаўся, што там адбылося. У канцы ён сказаў: “Міліцыя тут ні пры чым, нарад выклікаў падмацаванне, калі пачалася бойка, калі б, кажа, не міліцыя, дайшла б справа да панажоўшчыны”. І калі з’явіўся нарад-узмацненне – зазірнулі ў гэтыя аўтамабілі. Вы не бачылі, што там было? Я, напэўна, не ўзяў фотаздымкі, я папрашу сваіх памочнікаў, а вы падыдзіце, я вам пакажу. І папрашу тэлебачанне прадэманстраваць, што знаходзілася ў гэтых аўтамабілях”.



Еўрарадыё: “Аляксандр Рыгоравіч, вы вельмі добра, яскрава і вобразна расказалі, як адбываліся падзеі каля офіса Някляева і пра тое, што там дасталі з аўтамабілі, які, праўда, быў там адзін. Я там таксама быў…

Лукашэнка: “Што-што гэта было?”

Еўрарадыё: “Там быў адзін толькі аўтамабіль – мікрааўтобус”.

Лукашэнка: “Адзін? Можа быць”.

Еўрарадыё: “І я б з задавальненнем таксама прадэманстраваў тое, што праваахоўныя органы дасталі з гэтага аўтамабіля. На жаль, гэта немагчыма было зрабіць, бо мы ляжалі тварам у снег і апаратуру нам загадалі выключыць”.

Лукашэнка: “А чаму вы ляжалі тварам у снег?”

Еўрарадыё: “Таму, што “хлопцы ў чорным” загадалі ўсім легчы, нягледзячы на тое, што акрэдытацыя вісела навідавоку”.

Лукашэнка: “Карацей, тварам у глебу вы атрымалі? Ну. Вы нармальны чалавек – сёння не пабіты, не памяты”.

Еўрарадыё: “Я не скарджуся – прафесія такая”…

Лукашэнка: “Натуральна, гэта ж яны вас баранілі!”

Еўрарадыё: “Але калі даставалі з аўтамабіля, маглі сказаць: “Глядзіце, журналісты, што мы дастаём!”

Лукашэнка:
“Каму?! Вам паказваць, што вы схавалі ў аўтамабілі?!”

Еўрарадыё:
“Да вы што, я там нічога не хаваў”.

Лукашэнка:
“А чаго вы там былі?”

Еўрарадыё: “Я сачыў за падзеямі!”

Лукашэнка: “За якім падзеямі вы сачылі? Чаму вы не прыйшлі ў Цэнтрвыбаркам і не сачылі тут за падзеямі? Галоўныя падзеі тут былі! Чаго вы туды палезлі?”

Еўрарадыё: “Ну, я ж не адзін карэспандэнт на Еўрарадыё”…

Лукашэнка: “Дзякуй, што сказалі, што не адзін – скажыце, хто яшчэ быў?”

Еўрарадыё:
“У Цэнтрвыбаркаме быў іншы карэспандэнт. Але не пра гэта размова. Вы сказалі, што ўсю сітуацыю па ўчорашнім дні вам дакладаў міністр унутраных спраў. Міністр даклаў, дзе на сённяшні дзень знаходзіцца Някляеў?”

Лукашэнка: “Вядома! А як жа вы думалі. Экс-кандыдат у прэзідэнты – няўжо прэзідэнт дзеючы не павінен ведаць, дзе знаходзіцца экс-кандыдат ў прэзідэнты?! Міласці просім: хочаце пагаварыць з ім – следчы ізалятар!”



Пра сваіх апанентаў

1.Някляеў

“Адзін з альтэрнатыўшчыкаў ужо прайшоўся па казематах турмы. Я яго выцягнуў у 2002 ці 2001 з гэтай турмы. І вось атрымаў! Мала таго, што празябаў 5 гадоў дзесьці па замежжах, не жыў, у нас балатавацца на пост прэзідэнта можа той, хто 5 апошніх гадоў жыў у Беларусі, мы зарэгістравалі і яго. І вось вынік – да 70 гадоў дажыў і раптам захацелася стаць палітыкам. Ну, што ж – у нас не забаронена гэта. Толькі трэба цаніць тое, што табе пайшлі насустрач. Па ўсіх накірунках. Таму зараз няма чаго казаць пра тым. У нас нікога туды не загоніць, калі ён сам туды не патрапіць”.

2. Саннікаў і Рымашэўскі


“Яны (усе дэмакратычныя кандыдаты –ЕРБ) павінны былі прыняць рашэнне па лідэру. Хто будзе замест Мілінкевіча лідэрам апазіцыі – месца вакантнае. Усе працавалі, у Някляева было больш грошай, больш людзей на гэта. І на плошчы трэба было гэта аб’явіць. Але пра гэта даведаўся Саннікаў. Вы ж ведаеце, хто такі Саннікаў не горш за мяне! Калі Саннікаў даведаўся – гэта палова бяды. Але даведалася “мамка” і кажа: “Не, ты будзеш лідарам!” Ёй, бачыце, першай лэдзі захацелася быць! Таму яна і фашызм убачыла ў нашай краіне. І пачала штурхаць Саннікава да таго, каб ён на плошчы пра гэта заявіў. Рымашэўскі прыйшоў у вар’яцтва. Ну, чалавек з павёрнутай вежай. Гэта стоадсоткава, вы не станеце спрачацца. Гэта чалавек, для якога нічога няма ні ў палітыцы, ні ў жыцці. Ён заявіў: “Я гэтым казлам прарасійскім не дам захапіць уладу”.

3.Раманчук

“Эканаміст Раманчук: калі ў яго ёсць канкрэтныя, дзелавыя прапановы, малады ж хлопец, у яго ўсё жыццё наперадзе, дзеля Бога, прыйдзі з гэтымі прапановамі, прынясі. Вы вызначым – дзе месца яго прапановам”.

4.Кастусёў і Цярэшчанка

“Гэты быў прынцыповым: паставіў бел-чырвона-белы сцяг і кажа: “Я ад БНФ!” Ён жа ведаў, што БНФ ніхто ўжо не падтрымлівае – час сышоў. Але ён сумленна вёў сваю прапаганду. Вазьміце Віктара Цярэшчанку: я больш чым на каго лаяўся, гледзячы на яго з экрана. Чаму? Ён жа стаў хоць нейкім палітыкам менавіта з Лукашэнкам”.

Пра тое, ці ёсць у яго 9 мільярдаў долараў і дзе крадуць прэзідэнты

“Дасведчаныя людзі ведаюць, што немагчыма нават мільён сёння схаваць на рахунках, каб тыя, каму трэба на Захадзе, гэтага не ведалі. А тут – 15 вагонаў купюр схаваныя, і ніхто знайсці не можа. Гэта ж хлусня! У нас немагчыма, нават у Расіі, калі б захацеў скрасці прэзідэнт 9 мільярдаў – ён ніколі гэтага не здолеў бы зрабіць. У багацешай Расіі! А ў нас… Дзе можна скрасці, на чым? Людзі майго ўзроўню крадуць, перш за ўсё, на прыватызацыі. Запомніце: як толькі ідзе маштабная прыватызацыя і чыноўнікі яе падтрымліваюць актыўна, вось там чакайце карупцыі і крадзяжу. Бо ўласнасць, як мы ведаем, заўсёды ацэньваецца рынкавым чынам – ад балды”.



Апроч таго, прэзідэнт расказаў, што з Захадам гатовы будаваць узаемаадносіны толькі на правах роўнасці, што адносіны з Расіяй горш, чым былі сёлета, ужо не будуць, што пра тое, калі будзе інагурацыя не думаў і што замест яго на выбарах прагаласаваў Коля. За тату.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі