Лясны фэст у Літве: “Тут будуць музыкі, якія граюць будучыню”
Адзін з іх – беларускі DJ I.F.U., які і падбіў Еўрарадыё сесці сёння ў машыну ды паехаць адкрываць вабноты літоўскага тэхна, дабу і нават хіп-хопу. Вы з намі?
У гэтым годзе музрэдакцыя Еўрарадыё вырашыла, апроч мэйджар-фэстаў, павандраваць па невялічкіх фестывалях, схаваных у лясах і парках, падалей ад мэйнстрыму і пафасу.
Мэта такіх фэстаў – стварыць асаблівую атмасферу, падабраць “музыку будучыні” ды прыняць кожнага наведвальніка ў свае танцполы, як у сям’ю.
Першым стаў псі-транс-фэст Trimurty пад Масквой, куды зганяў наш фатограф. Паміж бесперапынным тусачам ён паспеў сфотаць для вас кавалачкі атмасферы таго фестывалю.
А сёння мы сказалі: “Ай, ды паехалі” і ўжо накіроўваемся у Літву, 100 кіламетраў ад Вільні, на, верым, шыкоўны фестываль Sūpynės. Гэты фэст збольшага раскручвае мясцовых дыджэяў і музыкаў, якія граюць выбітную электронную музыку, але запрашаюць і замежных гасцей, “актуальных, якія задаюць моду”.
Адным з такіх гасцей на літоўскім Sūpynės будзе Аляксей Кутузаў – DJ I.F.U., – які грае тэхна і хаўз, і якога запрасілі абудзіць гасцей фэсту ў нядзелю а 9 раніцы сваім сэтам.Каб вы таксама змаглі прыняць неабдуманае і дзёрзкае рашэнне, правесці гэты ўікэнд “невядома дзе”, але ў клёвай кампаніі – мы даем вам пендаль і крыху інфармацыі.
Слухайце нашу размову з адной з арганізатарак фэсту Юліанай Шпундавай (Juliana Špundova), якая коратка і нават на рускай мове распавяла пра ўнікальнасць і прывабнасць Sūpynės:
Юліяна Шпундава: "Sūpynės" у перакладзе на беларускую - арэлі. Мы шукаем маладых артыстаў увесь год, то бок шукаем музыку. А потым адбіраем тых, хто падыходзіць, каму ўжо трэба на вялікую сцэну, і ўздымаем іх, запрашаючы ў сябе граць: іх слухае тры тысячы чалавек, і ім гэта - вялікі плюс - яны могуць сябе паказаць.
Наконт замежных зорак - мы таксама запрашаем на наш густ, тых, чыя музыка сёння не проста актуальная, а хто заўсёды наперадзе, хто грае будучыню.
Калі казаць пра месца - фэст праходзіць у нацыянальным парку: вакол лес, возера, рэчка. "Супінэс" адрозніваецца ад іншых літоўскіх фестываляў тым, што там вельмі прыязная атмасфера - ты туды можаш ехаць адзін і вяртацца з пяццю новымі сябрамі. Людзі, якія прыязджаюць на фестываль, знаходзяць у нас сям'ю.
Еўрарадыё: Сёлета на фэст патрапіў наш беларускі дыджэй I.F.U., Аляксей Кутузаў. Чым абумоўлена яго знаходжанне ў лайн-апе?
Юліяна Шпундава: У нас у Літве ёсць невялікая беларуская супольнасць. Тут ёсць ЕГУ, і маса вельмі добрых людзей, з якімі мы кантактуем, там вучыцца. Яны ўжо пачалі пачувацца ў нашай культуры камфортна і ёмка, яны знайшлі тую прастору, дзе ім добра, дзе граюць тую музыку, якую яны слухаюць. Гэта значыць, ім камфортна з намі, а нам з імі.
I.F.U. таксама так знайшоўся, ён прыязджаў сюды граць, мы былі на яго вечарыне, пазнаёміліся і запрасілі да нас. Таму што ніхто пра яго тут не ведае, але ён адзін з самых добрых беларускіх дыджэяў.
Еўрарадыё: Распавядзіце пра музычную канцэпцыю фестывалю.
Юліяна Шпундава: Супінэс - гэта фестываль электроннай і жывой музыкі. Прыярытэт - актуальнасць. То бок музыкі і дыджэі павінны дыктаваць моду, г.зн. быць наперадзе. Па стылістыцы - мы не ставім сябе ў нейкія межы, але падзялілі фэст на 4 умоўныя сцэны.
Першая называецца MORE, што значыць "больш". На гэтай сцэне днём граюць жывыя бэнды, а ўвечары - дыджэі. Музыка галоўным чынам тэхна і хаўз.
Потым, ёсць сцэна LESS, што значыць "менш" - на гэтай сцэне IDM, experimental, ambient, new-wave. То бок, больш эксперыментальная музыка.
На трэцяй сцэне LOW - "ніжэй", будзе музыка, звязаная з дабам, хіп-хопам, абстракт-хіп-хопам. "Дубныя" рытмы, як мы іх завём.
І сцэна HIGH, што значыць "вышэй". У Літве не было ніколі такой практыкі, каб сцэны працавалі раніцай. Мы падумалі, што гэта няправільна. У нас заўсёды была праблема, зачыніць сцэны, каб людзі разыходзіліся па сваіх намётах спаць, ці штосьці іншае рабіць. Таму мы адкрылі новую сцэну, якая працуе з 6 раніцы да 3 дня - для тых, каму не хапіла танцаў. Там будзе лёгкая музыка, якая пасуе да раніцы, узыходу сонца. І атмасфера там будзе адпведная - пясок і ўсё такое "лайт".
Еўрарадыё: У вас там таксама будзе транслявацца чэмпіянат Еўропы па Футболе…
Юліяна Шпундава: Так, хоць у нашай краіне вельмі папулярны баскетбол, але ў коле моладзі, якой цікавая электронная музыка, усё глядзяць футбол. Гэта проста адна вельмі вялікая хвароба. У нас у Вільні ёсць бары, дзе можна глядзець футбол.І вось нашы людзі сказалі: "Калі вы не будзеце паказваць футбол - мы не прыедзем". Дык вось давялося пайсці на кампраміс. Але мы не толькі футбол будзем паказваць, а таксама Future Shorts - гэта кароткаметражныя фільмы з ідэяй.
Еўрарадыё: Скажыце, калі да вас прыехаць, папярэдне не дамаўляючыся, не рыхтуючыся, не купляючы квіткі, проста да дзвярэй фэсту, што чакае наведвальніка?
Юліяна Шпундава: Чакаюць людзі, якія працуюць на ўваходзе. Можна ў іх купіць квіток. Можна прыехаць на машыне і паставіць намёт.
У нас няма ўжо такой культуры, што людзі бяруць на фестывль нейкую ежу, выпіўку ці яшчэ штосьці. Усё едуць туды толькі з намётамі і спальнымі мяшкамі, таму што на фэсце ўжо такая інфраструктура, якая ўсё падае на месцы. Там ёсць разнастайная ежа - ад веганаў да кітайцаў. Напоі, якія толькі жадаеш. Усякіх воркшопаў шмат, можна нават купіць сабе вопратку. То бок такі маленькі горад, у якім можна знайсці ўсё, што трэба.
Чалавек, які прыязджае, на ўваходзе атрымлівае бранзалет і гід на літоўскай і англійскай мовах, дзе ёсць мапа, інфармацыя пра тое, што можна рабіць, а што нельга, расклад, хто калі грае на сцэнах - усё, што трэба.
Афіцыйная старонка фэсту і лайн-ап.
Інфармацыя пра фэст ін-інгліш.
Івэнт у Фэйсбуку.