Л.Заіка: Беларускі рубель уратуе толькі моцная антыкрызісная каманда
Такое меркаванне эканаміст выказаў у жывым эфіры Еўрарадыё.
Увогуле ж Леанід Заіка лічыць найбольш мэтазгодным пераход на расійскі рубель, бо калі Беларусь увайшла ў Мытны саюз, то наступным этапам павінна стаць валютны саюз.
“Варта пераходзіць на расійскі рубель, каб не катаваць дырэктараў прадпрыемстваў і насельніцтва, — разважае эканаміст. — Калі еўра прыйшло на замену нямецкай марцы і французскаму франку, гэта ўспрымалася як дабро. Чаму свядомыя беларусы гэтага баяцца? Незалежнасць не ў тым, каб Нацбанк друкаваў грошы, якія нікому не патрэбныя. Гэта залежнасць ад неперспектыўнай, тупіковай палітыкі. Нічога страшнага няма ў тым, што гэта будзе расійскі рубель”.
Калі ж беларускае кіраўніцтва сапраўды хоча захаваць сваю валюту, то Аляксандру Лукашэнку варта цалкам памяняць каманду ўраду і Нацбанку, каб туды ўвайшлі сапраўдныя спецыялісты. “Гэта павінна быць моцная антыкрызісная каманда, тады можна будзе нешта зрабіць. А калі ўсё будзе як раней, то нічога не зменіцца. А плаціць за гэта будзе сумленны беларускі народ”, — кажа спадар Заіка.
Што да чутак аб увядзенні дзяржаўнай манаполіі на імпарт спажывецкіх тавараў, то Леанід Заіка кажа: гэта будуць “паўпрафесійныя захады”. Такі метад супярэчыць пагадненню аб Мытным саюзе, якое прадугледжвае вольны рух тавараў. Але такая дзяржаўная манаполія можа быць ідэяй чыноўнікаў, якія хоць нешта спрабуюць зрабіць у сітуацыі валютнага крызісу.