Маладую настаўніцу размеркавалі швачкай з заробкам у 300 тысяч

Ніна Мярэшчанка была лепшай вучаніцай Віцебскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа. На размеркаванні было толькі 10 вакансій па спецыяльнасці, дзяўчыне пашанцавала і яе размеркавалі першай.
"Мяне ўзялі як лепшую студэнтку ў Брэсцкі дзяржаўны ліцэй швейнай вытворчасці майстрам вытворчага навучання. На размеркаванні быў іх прадстаўнік, яна гарантавала інтэрнат. Калі мы прыехалі, нам не далі ні жылля, ні рэгістрацыі".
У мясцовым аддзеле адукацыі дапамагчы не змаглі, бо ў заяўцы ліцэй не даваў інтэрнат, хаця на размеркаванні абяцаў.
"Зарэгістравацца мне не было дзе, і я не магла памяняць пашпарт. Мне прапанавалі запісацца ў кнігу бамжоў!"
Дамагчыся кампенсацыі за жыллё атрымалася толькі дзякуючы звароту ў Міністэрства адукацыі. Але пасля гэтага ў дзяўчыны пачаліся праблемы ў ліцэі.
"На педсавет вынеслі пытанне аб маёй прафнепрыдатнасці, прапанавалі пазбавіць мяне прафесіі, таму што ў мяне няма вопыту і ведаў. У той жа час мая група заняла прызавое месца на конкурсе калекцый вопраткі. А мне сказалі, што я бездар і пазбавілі прэміі".
Паводле словаў спецыялістаў аддзела адукацыі выканкама, пры такіх умовах малады спецыяліст можа адмовіцца ад размеркавання, бо пастанова Саўміна гарантуе жыллё.
"Маладым спецыялістам гарантуецца выплата ў сувязі з пераездам. Мясцовыя органы ці арганізацыі, калі не маюць уласнага жылля, могуць выдзяляць сродкі на наём памяшканняў у грамадзянаў. Калі не даюць жыллё і не выплачваюць кампенсацыю, то можна адмовіцца". 
У выніку з ліцэя Ніна Мярэшчанка вырашыла звольніцца.
"На той момант я была ў такім стане, што я сказала маці: ці я з'язджаю, ці заканчваю жыццё самагубствам. Калі звальнялі, мне не выдалі нічога. Не зрабілі разлік — проста выдалі грошы на рукі і ўсё".
Потым атрымалася пераразмеркавацца ў прыватную фірму ў Мінск, але ўжо не па спецыяльнасці.
"Калі я перайшла на швачку, то згубіла свой статус. Мне не даплачваюць за маладога спецыяліста і не кампенсуюць жыллё. Я атрымоўваю 330 тысяч, а пакой каштуе 370 тысяч".
Па конкурсе дзяўчына знайшла працу ў Смаленску. Туды бралі як маладога спецыяліста працаваць выкладчыкам па спецыяльнасці, давалі інтэрнат і рэгістрацыю. Але туды дзяўчыну не адпусцілі, кажа маці Ніны Зінаіда Мярэшчанка.
"Ужо калі стала пытанне аб пераездзе ў Расію, тады яны пачалі рабіць усё, каб яе не пусціць. І запужалі прадпрымальніка, што той будзе за яе плаціць, калі звольніць".
Дзяўчына ужо адпрацавала па размеркаванні больш за год і гатовая была сысці. Бацькі знайшлі грошы, каб аплаціць штраф, але працадаўца не аддаваў працоўную без дазволу каледжа, кажа Ніна Мярэшчанка.
"Каледж іх запужаў, што яны будуць плаціць. Я ужо паўтара месяца без працы. Там я нікому не патрэбная, у Смаленску месца ўжо згубіла. На працы сказалі, што звольняць мяне, але толькі калі будзе дазвол каледжа".
Каледж жа не дазволіў размеркавацца ў Смаленск, спасылаючыся на пастанову Саўміна, але ж у самім дакуменце ні слова пра гэта няма.
"У самім жа дакуменце нідзе не напісана, што размеркавацца ў Расію нельга, прапісана толькі тое, што спачатку размяркоўваюць па заявах дзяржаўных арганізацый. У сувязі з пераездам ці шлюбам, верагодна, такія выпадкі і магчымыя. Але гэта вырашае камісія па размеркаванні", — распавялі Еўрарадыё ў аддзеле адукацыі.
Маці Ніны кажа, што яны больш за год не могуць знайсці юрыста, які б займаўся пытаннямі маладых спецыялістаў. Усе разводзяць рукамі, бо ніколі з такімі справамі на працавалі.
Цяпер Ніна ў адпачынку за свой кошт ужо 1,5 месяца, бо жыць у Мінску ёй няма дзе. Разам з маці дзяўчына спрабуе даказаць, што працаваць швачкай яна не можа па стане здароўя: у яе кепскі зрок. Калі ж гэта не дапаможа, то Ніна плануе звяртацца ў суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі