Масаж спіны зробяць за 6 тысяч, а грудзі павялічаць — за 50 долараў!
Якія паслугі можна купіць у Мінску па старых цэнах?
Еўрарадыё заўважыла, што цэны на некаторыя медыцынскія паслугі не мяняліся з мінулага года. У 11-ай бальніцы кажуць, што яны “смешныя”. Масаж спіны, напрыклад, каштуе ўсяго… 6 тысяч!
Еўрарадыё: “У вас на сайце цэны на некаторыя паслугі проста “смешныя”. Можа гэта старыя цэны?”
Бальніца №11: “Не, гэта такія "смешныя" цэны і ёсць. Масаж спіны каштуе 6 тысяч 100 рублёў, грудной клеткі — 9500. Цэны змяняліся месяцы 4-5 назад, у кастрычніку можа… Але і тое не на ўсё”.
У клінічнай бальніцы №1 цэны на платныя паслугі трошкі вышэйшыя. А да гэтага каштавалі “капейкі”. Сёння масаж спіны тут каштуе ў раёне 9 тысяч, віхравы душ — 22 тысячы, а падводны душ-масаж — усяго 29 тысяч.
Еўрарадыё задае дзіўнае на наш час пытанне: “Чаму цэны такія нізкія?”.
Бальніца №1: “Як раз нядаўна падвысіліся. Да гэтага ўвогуле "капейкі" было!”
У БелНДІ траўматалогіі і артапедыі палата павышанай камфортнасці каштуе ўсяго 11 тысяч за суткі — гэта аднамесны пакой з тэлевізарам. Ежа бясплатная, а сеанс у басейне каштуе... 2 тысячы!
У бальніцы №4 сярод платных паслугаў — нават пластычная хірургія. Павялічыць грудзі тут будзе каштаваць каля 500 долараў, а адкачаць тлушч з праблемных месцаў — трошкі больш за 150. Калі для вас гэта дорага, можна знайсці яшчэ танней!
Так, у Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры (Лечкамісія) павялічваюць грудзі ў 10 разоў танней!
Лечкамісія: “Цэны не мяняліся. Ой, даўно не мяняліся… Але пакуль што нічога не казалі, што будуць змяняцца. Ліпасакцыя — 1 зона каштуе 110 тысяч з мясцовай анестэзіяй. Павелічэнне грудзі, сама аперацыя — 470 тысяч, без імплантанта”.
З 1 красавіка базавая велічыня складзе 100 тысяч рублёў. Апошні раз яна змянялася ў снежні 2007 года. За гэты час цэны выраслі ў тры разы!
У Мінгарвыканкаме Еўрарадыё патлумачылі, што кошт паслугаў не залежыць напрамую ад базавай велічыні. Хіба што яе рост адаб’ецца на арэндзе, якая ў сваю чаргу падвысіць сабекошт і, адпаведна, цэны.
Мінгарвыканкам: “Ёсць 72-і ўказ, там пералік паслугаў, па якіх кошты рэгулююцца дзяржавай. У тым ліку — рамонт абутку, рытуальныя паслугі… Тут ад базавай асабліва не залежыць. Такой прывязкі няма”.
За тры тыдні студзеня інфляцыя склала ўсяго 1,5%, кажуць у Мінгарвыканкаме.
“Мы робім маніторынг, і на сёння мы не бачым нейкіх істотных зрухаў ні па паслугах, ні па цэнах. За тры тыдні студзеня інфляцыя ў нас склала толькі 1,5%. А летась была больш за 208%!”