Маскоўскага бізнэсоўцу прынялі за “маўчуна”
Тэхнічны дырэктар маскоўскай турыстычнай фірмы Алег Камашаў арыштаваны ў Барысаве на 7 сутак. Яго прынялі за ўдзельніка “маўклівай акцыі”.
Спадар Камашаў прыехаў з Масквы ў Барысаў у госці да сваякоў. Увечары 29 чэрвеня ён разам з жонкай і двума дзецьмі прагульваўся па цэнтры горада і фатаграфаваў сваю сям’ю. Раптам да яго падышлі міліцыянты, затрымалі і адвезлі ў пастарунак. Праз гадзіну прыехалі і забралі жонку з дзецьмі.
У міліцыі жонку бізнэсоўцы Алену аддзялілі ад дзяцей і хацелі абшукаць. Дзяцей, якім 11 і 13 год, дапыталі ў адсутнасць бацькоў. Позна ўвечары жонку разам з дзецьмі адпусцілі, паведамляе сайт Life News.
Справай затрыманага і асуджанага нібыта за дробнае хуліганства Алега Камашава займаецца расійская амбасада. Па звестках супрацоўнікаў консульскага аддзела, у гэтым арышце няма ніякага палітычнага падтэксту.