Маці затрыманага дзіцёнка: "Нашая краіна больш не прававая дзяржава"

Еўрарадыё: Нагадай калі ласка, якім чынам твой паўтарагадовы сын патрапіў у міліцэйскі пастарунак?

Вольга: “Трэцяга ліпеня мы прыйшлі на цэнтральную плошчу горада Смалявічы, і да нас падышлі міліцыянты і запыталіся, чаго мы тут збіраемся. Мой бацька кажа: а што, мы не маем права тут збірацца? Міліцыянт насмешліва пытаецца: вы зараз можа яшчэ і ў ладкі будзеце хлопаць? І бацька кажа: а што, я не магу папляскаць? І бярэ і хлопае ў яго перад тварам. Перад гэтым мы гулялі з малым у ладкі самі сабе. І ў гэты момант, калі бацька мой папляскаў так, мы пачулі па рацыі: “затрымлівай гэтых што пляскаюць”. Сын спачатку быў у мяне на руках, але на плошчы знаходзілася вельмі шмат міліцыянтаў. Людзей там не было, а міліцыянтаў было вельмі шмат. І як толькі гэта па рацыі перадалі мне стала вельмі страшна, бо ўсе гэтыя міліцыянты пайшлі ў наш бок. А я ўжо была калісьці - 19га снежня, зімой – калі проста бачыла, як збівалі людзей, жанчын, проста трапіла ў такую сітуацыю, і я думаю, што шмат хто трапіў. І ўжо пасля гэтага я баюся міліцыянтаў. Я адразу ж аддала дзіця майму бацьку, не ведала што будзе адбывацца, і мяне адціснулі ад яго міліцыянты. І аказаўся бацька з маім сынам, а мяне адціснулі, я засталася на плошчы”.

Еўрарадыё: То бок твайго бацьку з унукам на руках адвезлі ў пастарунак, а ты засталася на плошчы?

Вольга: “Іх не везлі, іх вялі пешшу. Іх спачатку вывелі з плошчы, а пасля адзін міліцыянт проста ішоў, тата ішоў побач з ім, і яны пешкі пайшлі - там недалёка, Смалявічы невялікі горад - пайшлі ў аддзяленне міліцыі. Проста пешкі зайшлі. А пасля бацьку высунулі абвінавачванне, што ён не падпарадкаваўся законным патрабаванням міліцыі. Хаця і я і была яшчэ адна дзяўчына, якая заўсёды збіраецца там па серадах, мы не чулі ніводнага патрабавання, міліцыянты не прадставіліся. І тата ніякім чынам не праяўляў свайго непадпарадкавання, ну, таму што ў прынцыпе  не было чаму не падпарадкоўвацца. Але сёння адбываўся суд над ім, і на судзе міліцыянты распавядалі, што ён адбіваўся, уцякаў, што яму прыйшлося заламваць рукі. Але вось мне асабліва цікава, як можна было заламваць рукі, калі на руках быў маленькі дзіцёнак”.

Еўрарадыё: А ці апытвалі на гэтым судовым працэсе нейкіх сведкаў?

Вольга: “Так, апытвалі сведкаў. Я была сведкам, і яшчэ другая дзяўчына, якая тады была на плошчы. І таксама апытвалі двух міліцыянтаў. І суддзя паслухаўся таго, што казалі міліцыянты”.

Еўрарадыё: А міліцыянты не тлумачылі, дзе ў той час знаходзіўся твой сын?

Вольга: “Міліцыянты тлумачылі, прычым паказанні блыталіся, але абодва яны аднолькава казалі пра патрабаванні. Гэта адзінае што ў іх і супадала, таму што мой тата вельмі добра падрыхтаваўся, задаваў вельмі шмат пытанняў, каб заблытаць і каб паказаць, што гэта ўсё прыдумана, што яны кажуць няпраўду. Але яны аднолькава казалі, што патрабавалі паказаць пашпарт, а мой тата адмовіўся, хаця ён спецыяльна загадзя браў з сабой пашпарт. І таксама, што тата стаў уцякаць, адбівацца, вось гэта абодва яны казалі. І за гэта яго нібыта затрымалі”.

Еўрарадыё: Раскажы калі ласка, як ты забрала сына ад міліцыянтаў?

Вольга: “Я пайшла да аддзялення міліцыі, туды яшчэ падыйшлі мае сябры. Мы хацелі прайсці ўнутр, але мяне спачатку не пускалі, а пасля сам міліцыянт, які праводзіў затрыманне, выйшаў за мной. Там шмат народу было, і ён запытаў: дзе тут маці гэтага дзіцёнка? І пасля сказаў мне: ідзіце забірайце. Дзіцёнак ужо спаў. А пасля ўвечары на сайце мінскай міліцыі з’явіўся артыкул, што дзіцёнка і не затрымлівалі і ў аддзяленне міліцыі не вадзілі, а што аддалі перад аддзяленнем міліцыі. Хаця сёння на судзе міліцыянты самі казалі, што, так, праз паўгадзіны мы вырашылі, што, як сказаў маёр, які нас затрымліваў, чыста па-чалавечы мы падумалі, што дзіцёнку не месца ў РАУСе. І таму вырашылі яго аддаць маці”.

Еўрарадыё: Чым гэта скончылася для бацькі?

Вольга: “Яго прысудзілі да штрафу, прычым штраф вельмі вялікі – мільён пяцьдзесят рублёў”.

Еўрарадыё: Ці думаеце вы абскарджваць рашэнне суда ці будзеце плаціць  штраф?

Вольга: “Мы будзем плаціць штраф. Яне веру, што ў Беларусі ёсць магчымасць нейкім чынам даказаць сваю праўду. Таму што ў нас былі сведкі, але нашаму суду дастаткова доказаў двух міліцыянтаў. Я думаю, што ў вышэйшых інстанцыях будзе адбывацца тое самае. Нашая краіна больш не прававая дзяржава”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі