Мікалай Статкевіч прапануе план для апазіцыі
Ліст са шклоўскай калоніі ён даслаў Сяргею Скрабцу.
Палітвязень інфармуе, што яму забаронена пісаць лісты і тэлефанаваць. Таму і гэты ліст ён быў вымушаны перадаць у абыход пошты, адзначае "Народная Воля".
У сваім допісе Статкевіч прапануе план дзеянняў. Апазіцыі ён прапануе выканаць рашэнне ўдзельнікаў мітынгу на Кастрычніцкай плошчы 19 снежня і стварыць Народны рух "За свабодныя выбары" і абраць яго Раду. З ліку Рады Статкевіч прапануе выключыць Раманчука і Рымашэўскага, якія асудзілі акцыю 19 снежня. Замест іх — увесці кіраўнікоў іх выбарчых кампаній Паўла Севярынца і Анатоля Лябедзьку. Палітвязень просіць, каб гэтую прапанову рэалізавалі Някляеў, Мілінкевіч і Казулін.
Еўрапейскіх палітыкаў Статкевіч просіць уводзіць санкцыі супраць нафта-газавых прадпрыемстваў Беларусі. Спіс неўязных ён прапануе папоўніць імёнамі начальнікаў тых калоній, дзе адбываецца незаконны ціск на палітвязняў (напрыклад, у Горках і Шклове). Перамовы з афіцыйным Мінскам Статкевіч прапануе весці толькі пасля вызвалення ўсіх палітвязняў.
Ёсць у палітвязня прапанова і для каардынатараў кампаніі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі". Ён прапануе плясканне ў ладкі замяніць публічным выкарыстаннем беларускіх словаў. "Дастатковы невялікага набору словаў (дзякуй, калi ласка, прабачце і г.д.), якія будуць выкарыстоўвацца у любы час у публічных месцах", — адзначае Статкевіч.