Міхаіл Пашкевіч: Я меркаваў, што на фота — Курманбек Бакіеў
Актывіст, які сфатаграфаваў Жаныбека Бакіева і яго спадарожнікаў, кажа, што кыргызскія чыноўнікі і дыпламаты да яго не звярталіся.
Затое да яго звярталіся кыргызскія журналісты, паведаміў Міхаіл Пашкевіч у інтэрв'ю Еўрарадыё:
Пашкевіч: "Са мной кантактавалі, напэўна, два дзясяткі разоў кыргызскія журналісты з розных выданняў. Менавіта яны, фактычна, далі гэтую інфармацыю і абнародавалі яе ў Кыргызстане. Ніхто ні з беларускіх сілавікоў, ні з кыргызскіх, ні з МЗС кыргызскага не звяртаўся".
Пашкевіч кажа, што пры фатаграфаванні ён меркаваў, што на здымках будзе экс-кіраўнік Кыргызстана Курманбек Бакіеў. Як вядома, той даўно знаходзіцца ў нашай краіне і нават атрымаў беларускае грамадзянства. Нечакана для сябе ён даведаўся, што сфатаграфаваў ледзь не кіраўнікоў былога кыргызскага "эскадрона смерці". Нагадаем, што разам з малодшым Бакіевым ў Мінску сфатаграфаваныя экс-супрацоўнік Службы дзяржаховы Тахір Рысаліеў і Рустам Сайдуеў. Іх вінавацяць у трайным забойстве.
Гэтыя фотаздымкі ўжо выклікалі напружанне ў беларуска-кыргызскіх адносінах. Афіцыйны Бішкек запытаўся пра выдачу асобаў, абвешчаных у міжнародны вышук, але не дачакаўся адказу з Мінску. 24 жніўня кыргызскага амбасадара ў Беларусі адклікалі для кансультацыяў.
Пашкевіч кажа, што Беларусь у гэтым выпадку чарговы раз праігнаравала свае міжнародныя абавязанні:
Пашкевіч: "Давайце паглядзім на такія факты. Вось Інтэрпол. Калі трэба затрымаць ці хаця б напалохаць Міхалевіча, нашыя ўлады ўзгадваюць, што яны сябры Інтэрполу. Калі трэба было Куляшову з'ездзіць у Ліён у Францыі, яны адразу ўзгадваюць, што наш МУС сябра Інтэрполу. Калі трэба яшчэ што-небудзь атрымаць з Захаду ў выглядзе грантаў на пераабсталяванне апаратуры на Акрэсціна і ў іншых турмах, яны адразу ўзгадваюць, што яны сябры міжнародных арганізацый. А як толькі ім прыходзіць запыт па іншых пытаннях — Беларусь ігнаруе".
Па словах Пашкевіча, пасля той сустрэчы ён больш не бачыў Жаныбека Бакіева са спадарожнікамі. На яго думку, кыргызскія эмігранты ўжо выехалі з Мінску.
Фота Міхаіла Пашкевіча