Міхалевіч: Магчыма, я буду адным з ключавых удзельнікаў суда над Лукашэнкам
Экс-кандыдат у прэзідэнты, які атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі, сёння сустрэўся ў Вільні з беларускімі журналістамі.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Алесь Міхалевіч адзначыў, што чакае паездкі ў Лондан. Ён мяркуе, што можа стаць "адным з ключавых людзей, што будуць удзельнічаць у працэсе над Лукашэнкам".
Нагадаем, юрыдычная кампанія H2O Law з Лондана мае намер прыцягнуць кіраўніка Беларусі да адказнасці за катаванні ў беларускіх турмах. Цяпер рыхтуецца адпаведны пазоў у суд.
Міхалевіч: "У КДБ вельмі цікавіліся, адкуль у мяне з'явіліся грошы на перадвыбарчую кампанію. Тое, што гэтых грошай не было ведалі ўсё акрамя іх. Улады не хацелі, каб я з'яжзджаў. Да мяне Лукашэнка не меў пытанняў. Я напісаў яму ліст і ў гэтым лісце не было нічога асаблівага. Я проста прасіў, каб ён "узяў маю справу пад асабісты кантроль". Пасля гэтага, як мне сказалі, Лукашэнка казаў, што ў яго да мяне пытанняў не было... Калі б улады хацелі, каб я з'ехаў, то не абвяшчалі б мяне ў вышук".
Міхалевіч лічыць, што з-за яго ад'езду ніхто з фігурантаў справы 19 снежня "ніводнага дадатковага года не атрымае".
З сям'ёй Міхалевіч яшчэ не сустракаўся. Ён кажа, што Міністэрства ўнутраных спраў забараніла выезд за мяжу яго жонцы. Там ёй патлумачылі, што яна не ў "чорным спісе", але ёй не гарантуюць, што заўтра не з'явіцца ў ім. Цяпер Міхалевічы вырашаюць, як будуць жыць далей. Алесь спадзяецца, што разам.
Міхалевіч: "Да 19 снежня ў грамадстве была вялікая група, што расчаравалася і ва ўладзе, і ў апазіцыі. А пасля грамадства падзялілася на 2 групы, а тых, хто не вызначыўся, іх амаль не засталося. Улада ўспрыняла маю мягкую пазіцыю, як праяву слабасці. Таму я апынуўся адным з тых кандыдатаў, каго арыштавалі. Мне адным з намеснікаў КДБ было запрапанавана ва ўльтыматыўнай форме зачытаць тэкст з асуджэннем іншых кандыдатаў і яны вельмі былі здзіўленыя, што я адмовіўся".
Міхалевіч кажа, што ўжо атрымаў статус уцекача і мае дакумент па якім можа перасоўвацца па ЕС. Таксама ён паведаміў, што ў Беларусі аб'яўлены ў міжнародны вышук. Літва першая краіна, якую ён наведаў. Нагадаем, зараз ён жыве ў Празе.