Мікіту Ліхавіда выпусцілі з карцэру ў калоніі
У карцэры актывіст руху “За свабоду” адбыў 10 дзён, бо лічыць сябе “незаконна асуджаным”, а не называе свой артыкул Крымінальнага кодэксу.
“Я яшчэ ўчора тэлефанавала ў калонію, размаўляла з выхавальнікам атрада. А ў пятніцу мы паедзем з адвакатам у калонію, адвакат яго наведае”, — распавяла Радыё Свабода маці Мікіты Ліхавіда.
Падрабязнасцяў пра тое, як хлопец адбыў зняволенне ў карцэры і як пачуваецца цяпер, у Алены Ліхавід няма. Паводле маці, супрацоўнік адміністрацыі сказаў толькі, што “з ім усё нармалёва”.
27 траўня Ліхавіду спаўняецца 21 год. Ён адзін з самых маладых удзельнікаў падзей 19 снежня, якіх пакаралі паводле Крымінальнага кодэксу. Мікіту Ліхавіда суддзя Партызанскага суду Наталля Пыкіна асудзіла на 3,5 году зняволення.