Міліцыя: малое дзіця ў Смалявічах не затрымлівалі
УУС Мінаблвыканкама абвяргае інфармацыю пра тое, што 3 ліпеня ў часе “маўклівай акцыі” ў Смалявічах затрымалі паўтарагадовае дзіця.
Па версіі міліцыі, праваахоўнікі ўбачылі па плошчы ў натоўпе людзей маленькага хлопчыка, які нібыта бегаў без суправаджэння дарослых. Затым з’явіўся мужчына і назваўся яго дзядулем. Міліцыянты прапанавалі яму прайсці ў пастарунак для высвятлення, чаму малое дзіця было адно ў горадзе, паведамляе БелаПАН.
Спачатку мужчына адмовіўся ісці ў міліцыю, але потым узяў унука на рукі і заявіў, што пойдзе толькі з ім. У той момант з’явілася і маці хлопчыка, дачка мужчыны. Яна таксама знаходзілася на плошчы. Утрох яны скіраваліся ў райаддзел. А перад будынкам мужчына аддаў дачцэ ўнука.
Вольга, маці хлопчыка, у жывым эфіры Еўрарадыё падала іншую версію падзеяў.