Мінчане сустрэнуць сусветны “Гамон” з Мэнсанам, зомбі ды пад рэтра-музыку

121205_malina_kanec_svetu.mp3

Канец света, які паводле календара індзейцаў Майя прыйдзецца на 21-га снежня, цяпер самая гарачая тэма. Але прапановаў сустрэць гэты дзень весела, так бы мовіць, адарвацца апошні раз, чамусьці не так і шмат. За дзень да апакаліпсісу (20 снежня) назначанае толькі адно калятэматычнае мерапрыемства. Гэта сумесны канцэрт гуртоў “Разбітае сэрца пацана” ды Pomidor\OFF у клубе Re:Public, пад агульнай назвай “Гамон”.

“Хоць і не прынята святкаваць загадзя, — каментуе лідар Pomidor\OFF Аляксандр Памідораў. — Але ў гэтым, магчыма, ёсць сэнс, бо менавіта 21-га ў тых, хто верыць у канец свету, будзе шмат іншых справаў: нармальна падрыхтавацца, апрануцца ў чыстае… Ну, а напярэдадні, 20-га можна і паскакаць”.

Аляксандр дадае, што ў рэпертуарах абодвух калектываў ёсць песні, так ці інакш датычныя канцу свету, але цалкам магчыма, што і адпаведныя сцэнічныя вобразы музыкі дададуць. А вось клуб “Цэнтр” адразу прапаноўвае касцюміраваную ноч, якая будзе чымсьці нагадваць Хэлоўін, прычым, адразу пасля канцу свету.

“Будзе дастаткова злавесная атмасфера, нумары будуць з акцэнтам на грахоўную ноч, то бок, эратычнае шоў, мужскі ды жаночы стрыптыз, — распавядае пра вечарыну пад назвай “Апакаліпсіс ці канец свету”, якая адбудзецца ў ноч з 21 на 22 снежня, супрацоўніца клуба Вікторыя. — Стылісты ўсім наведвальнікам будуць рабіць бясплатна смяротны макіяж. Ну, і мы падрыхтавалі для ўсіх, хто вельмі баіцца памерці некалькі экстрэмальных сюрпрызаў, якія я не буду раскрываць”.

Праўда, Вікторыя адзначае, што апакаліпсісу не баіцца, маўляў, для яе галоўнае, каб вечарына паспяхова прайшла. Такога ж меркавання прытрымліваецца і арганізатар начнога паці ў клубе “НЛО”, якое прапануе “Канец свету” пад дыджэйскае выкананне рэтра-песень.

“Рэтра заўсёды ўсім падабалася і будзе падабацца, — тлумачыць абраную стылістыку Зміцер. — Нават, калі гэта і праўда апошняя вечарынка, то перакананы, што людзі тусаваліся на ёй менавіта пад рэтра, а не пад тое незразумелае, што цяпер ёсць”.

Адзіныя абаронцы жыцця ў гэтым шэрагу — гурт “Серебряная свадьба”. Вечарам 21-га ў Re:Public яны ладзяць светлы добры тэатралізаваны канцэрт паводле сваёй новай праграмы “Laterna Magica”.

“Астраномы сцвярджаюць, што ніякага канца свету не будзе, — абураецца лідарка гурта Святлана Бень. — Мы пратэстуем супраць распаўсюджвання гэтай інфармацыі, лічым яе ілжэнавуковай ды спекуляцыяй на чалавечых боязях. Таму мы будзем рады ў гэты дзень правесці вясёлы вечар у кампаніі сяброў з музыкай, спевамі танцамі і назіраннем за прыгажосцю”.

Але самым актуальным мерапрыемствам 21-га снежня, напэўна, стане вялікі сольны канцэрт амерыканскага рокера Marilyn Manson, які адбудзецца, калі адбудзецца канешне:), у Палацы спорту.

Небагата, карацей, асабліва, улічваючы сацыяльныя сеткі, заваленыя паведамленнямі пра хуткі канец свету, ды тэлебачанне, якое ўжо месяц толькі і паказвае праграмы звязаныя з экстрасэнсамі, іншапланецянамі, прывідамі ды таямнічымі знакамі.

Фота: eurocenter.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі