Міністр МУС: Рэформа органаў МУС будзе адпавядаць аператыўнай абстаноўцы
Будуць сярод праваахоўнікаў і скарачэнні. Але наколькі вялікія, Ігар Шуневіч не ўдакладніў.
Таксама міністр унутраных спраў не ўдакладніў, якія падраздзяленні органаў правапарадку найперш закрануць скарачэнні. Толькі запэўніў, што рэформа ў іх пачалася ўжо. Пра гэта міністр паведаміў, адказваючы на пытанне падчас прамой лініі ў рэдакцыі “СБ”.
Ігар Шуневіч: “Любая рэформа, якая будзе рабіцца, і робіцца ўжо, скіраваная на ўдасканальванне нашай працы і будзе адпавядаць тым выклікам і пагрозам, якія на сённяшні дзень у нас існуюць”.
Нагадаю, нарада ў кіраўніка дзяржавы па рэфармаванні МУС прайшла 15 лістапада 2012 года. Падчас яе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што мэтай рэформаў з’яўляецца “не кардынальная ломка ведамства, а канструктыўнае ўдасканальванне яго працы”. І прапанаваў пазбавіць “лішніх” падраздзяленняў унутраныя войскі, транспартную міліцыю ды павысіць аўтарытэт участковага.