Мядзведзеву перададуць даклад аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі

Міжнародная назіральная місія абяцае пакласці такія ж даклады на стол кіраўнікам еўрапейскіх структур, а таксама плануе ініцыяваць міжнароднае паліцэйскае расследаванне падзей 19 снежня на плошчы Незалежнасці.

Больш за 30 няўрадавых арганізацый краін АБСЕ выказалі занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і неабходнасцю кантролю за іх выкананнем. З гэтай нагоды 27 снежня 2010 года быў створаны Камітэт міжнароднага кантролю. А следам Камітэт сфармаваў доўгатэрміновую Міжнародную назіральную місію.

Паводле словаў кіраўніка доўгатэрміновай місіі, эксперта Савета Еўропы Андрэя Юрава, мандат місіі вызначае два накірункі дзейнасці: адсочванне парушэнняў правоў чалавека і ўсіх выпадкаў пераследу праваабаронцаў. 

Дарэчы, нават журналісты, які пішуць пра правы чалавека, і адвакаты, якія абараняюць правы людзей, прыраўноўваюцца да праваабаронцаў. А вось ацэньваць вынікі выбараў прэзідэнта і ход іх правядзення місія не будзе: мандат не дазваляе. 

Не ўваходзяць у склад місіі, кажа Юраў, і ніводзін беларускі праваабаронца.

Андрэй Юраў: “Гэта прынцыповае нашае рашэнне. Найперш, каб быць роўнааддаленымі ад усіх арганізацый. Па-другое, каб ім стварыць дадатковую бяспеку — можа, супрацоўніцтва з нашым Камітэтам будзе ствараць для іх дадатковыя праблемы. І па-трэцяе, каб пакінуць магчымасць, калі нам будзе дадзеная такая магчымасць, то ўсё ж такі сустрэцца з прадстаўнікамі ўлады. Я не буду казаць такія словы, як “узаемадзеянне, супрацоўніцтва” — гэта занадта моцныя словы. Але мы гатовыя сустрэцца, выслухаць, паглядзець на іх пункт гледжання”.



Місія працуе ў Беларусі толькі 7 дзён, але фактаў парушэння правоў чалавека ў іх ужо дастаткова, кажа сябра Савета пры прэзідэнце Расіі па спрыянні развіццю грамадскай супольнасці і правах чалавека Сяргей Крывенка.

Сяргей Крывенка: “Гэта найперш факты масавых парушэнняў правоў грамадзян падчас затрымання і адбыцця адміністрацыйнага пакарання. Другое, на што хацелася б звярнуць увагу, — гэта перашкоды законнай і прафесійнай дзейнасці як праваабарончых структур, так і сродкаў масавай інфармацыі, так і адвакатаў”. 

Згодна са словамі Крывенкі, сабраныя шматлікія факты, калі затрыманым доўгі час не давалі ваду і ежу, а таксама не аказвалі медыцынскую дапамогу. Гэта, адзначае праваабаронца, прыраўноўваецца да катаванняў. А ператрусы, па яго словах, праходзілі нават не ў рамках распачатых адміністрацыйных альбо крымінальных спраў, што з’яўляецца парушэннем заканадаўчых норм.

Пра гэтыя ды іншыя парушэнні правоў чалавека сябра Савета пры Прэзідэнце Расіі ўжо заўтра раскажа на прэс-канферэнцыі ў Маскве расійскім журналістам, а таксама Упаўнаважанаму па правах чалавека пры прэзідэнце Расіі Уладзіміру Лукіну. Верагодна, што гэтыя факты трапяць і на стол Дзмітрыю Мядзведзеву

Сяргей Крывенка:
 “Мядзведзеў — прэзідэнт Расійскай Федэрацыі, і на яго рашэнні, якія ён будзе прымаць, уплывае вельмі шмат фактараў, найперш палітычных. Я не стану нешта прыдумляць, але нашая задача — данесці да яго і розных праваабарончых структур тую інфармацыю, якой мы валодаем: аб масавых парушэннях, пра якія я ўжо казаў. Гэта не лабіраванне нейкага рашэння. Гэта звычайная місія праваабаронцаў — данясенне інфармацыі”.


Дарэчы, Андрэй Юраў не выключыў таго, што місія выступіць з ініцыятывай запрасіць у Беларусь спецыялістаў для правядзення міжнароднага паліцэйскага расследавання падзей на плошчы Незалежнасці 19 снежня. 

Андрэй Юраў: “Сам інцыдэнт на плошчы — гэта вельмі складаная рэч. Тут неабходна сур’ёзнае міжнароднае паліцэйскае расследаванне. Я разглядаю магчымасць правядзення такога расследавання, але не ў межах нашай місіі”.

Але не толькі кіраўніцтву Расіі трапіць маніторынг парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, які правядзе гэтая місія. Паводле Андрэя Юрава, з еўрапейскімі структурамі ў іх нават лепш наладжанае ўзаемадзеянне, чым з нашым усходнім суседам. Усе сабраныя матэрыялы будуць пададзеныя для разгляду і ў Еўракамісію, і ў Еўрапарламент, і ва ўсе міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі