На акардэоне можна сыграць усё, нават саўндтрэк да “Супер-Марыа”

Упершыню гэтыя гурты сабраў разам вялікі беларускі акардэаніст Уладзімір Бубен. Ад імя свайго ансамблю “Фестываль” ён запрасіў зайграць на адной сцэне Symphonic Drive Orchestra, ансамбль універсітэта культуры “Фартуна”, Apple Tea і “Гурзуф”.

“У нас сапраўдная музычнае сяброўства, — расказаў Еўрарадыё Уладзімір Бубен. — Амаль усе хлопцы, якія граюць у “Фестывалі”, маюць свае калектывы. У Ліпніцкага Symphonic Drive Orchestra, у Сапегі і Філіпені Apple Tea. А такія гурты, як “Гурзуф”, гэта гурты новыя, з новым стылістычным кірункам. І мы іх узялі, таму што захацелі пазнаёміць публіку з непаўторным стылем і новым бачаннем акардэоннай музыкі. Таксама мы запрасілі добрых акардэаністаў з універсітэта культуры”.


Такі багаты склад музыкаў прыцягнуў у ДК МАЗ вельмі розную публіку.

“Я бачыла ў зале шмат музыкантаў, педагогаў розных музычных вучэльняў, нават выкладчыкаў акадэміі музыкі”, — сказала вядучая канцэрту Таццяна Якушава.

“Акрамя таго, што тут было шмат аматараў джазу і працаўнікоў культуры, мы з агенцтвам папрацавалі і сабралі крыху іншую публіку. Мы піярылі мерапрыемства праз сацыяльныя сеткі. Шмат публікі прывёў гурт “Гурзуф”: яны прывялі сюды маладых людзей”, — дадала другая Таццяна, дырэктар агенцтва “МУЗА”.

“Гурзуф”, дарэчы, са сваімі акардэоннымі эксперыментамі выглядалі “джокерам” сярод акадэмічных калег. Але, па словах Ягора Забелава, яны недалёка адыйшлі ад акадэмізму: “Я, у прынцыпе, адштурхоўваюся ад акадэмічнай музыкі. І тую музыку, што я сёння граў, магу на 70 адсоткаў назваць акадэмічнай”.

Кажуць, што “Гурзуфу” не далі ў поўнай меры раскрыцца, бо дазволілі сыграць толькі адну кампазіцыю. І яны сыгралі твор са свайго новага альбому.

“Я ведаў, што тут будзе даволі весела. І мне хацелася сыграць нешта, што не будзе азначаць прамога трапляння, — расказаў Еўрарадыё пасля канцэрту Ягор Забелаў. — То бок, калі б я сыграў хутка на акардэоне нейкую забойную рэч, усе былі б у захапленні, але мне хацелася паэксперыментаваць. Кампазіцыя, якую я сыграў, называецца “Marсhen” — гэта нямецкае слова, у перакладзе азначае “Казка”.

Усе без выключэння ўдзельнікі фэсту нечым здзіўлялі аўдыторыю. Напрыклад, ансамбль з універсітэта культуры “Фартуна” зайграў вядомую аматарам прыставак мелодыю з “Супер Марыа” — калі хто не ведае, аўтарства японскага кампазітара Koji Kondo.

А Symphonic Drive Orchestra ўвогуле паказалі тэатральную сцэнку пра Нью-Ёрк 38-га года, кларнетыста Бэні Гудмана і яго дзяўчыну Дораці, якая зрывала творчы працэс і замінала вялікаму Бэні рыхтавацца да выступу ў прэстыжным Карнэгі Холе.

Напрыканцы зайгралі каралі джазу Apple Tea, і акардэонаў — Ансамбль “Фестываль”.

Якія ўражанні пакінулі пасля сябе ўсе гэтыя музыкі? Супрацьлеглыя, але пазітыўныя.

 “Вы ведаеце, проста ашаламляльнае мерапрыемства, — падзялілася ўраджаннямі вядучая Таццяна. — І шкада, што такіх канцэртаў праходзіць не так шмат, і беларуская публіка не так добра ведае нашых музыкаў, сапраўдных Музыкаў. З вялікай літары”.

“Вельмі няблага, але для мяне зашмат акардэоннай музыкі, пад канец было цяжкавата. А так усё выдатна” — прызнаўся наведвальнік Аляксей.

Паўтора такога зборнага канцэрту яшчэ невядома калі чакаць.  А вось сольнік ад Symphonic Drive Orchestra — 5 чэрвеня, усё ў тым жа ДК МАЗ. Яны будуць адзначаць сваё 10-годдзе.

Больш фота глядзіце ў Фэйсбуку Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі