На дзень нараджэння Ангуса Янга ў Мінску рэканструююць канцэрт AC/DC
Афіцыйны трыб’ют-калектыў з Украіны AS/DS рыхтуе праграму паводле апошняга канцэрта аўстралійскіх рокераў.
30 сакавіка ў мінскім клубе “Центр” адбудзецца гучнае святкаванне 58-га дня нараджэння нязменнага сола-гітарыста культавага аўстралійскага гурта AC/DC Ангуса Янга. У гэты вечар выступіць трыб’ют-калектыў з Украіны AS/DS, які ўжо неаднойчы “парваў” беларускую публіку. Прычым, хлопцы прызналіся, што адмыслова да імпрэзы рыхтуюць новую пашыраную праграму.
“Гэтым разам вязем песні, якія ўласна мы раней не выконвалі, — адкрывае некаторыя падрабязнасці выступу фронтмэн AS/DS Аляксандр Цяцерын. — Усё будзе крыху падобна на апошні канцэрт AC/DC, то бок, на ўступ мы запусцім мульцік з праектара. Ну, а калі на канец мы яшчэ і які-небудзь феерверк зробім, то будзе ўвогуле выдатна”.
Аляксандр дадае, што пакуль музыкі яшчэ паўнавартасна не думалі пра мінскі выступ, бо ўвесь час гастралююць. Але запэўнівае, што да 30 сакавіка ў іх ёсць яшчэ дастаткова вольнага часу, каб падрыхтавацца ды сапраўды здзівіць беларускую публіку.
Пачнецца святкаванне дня нараджэння Ангуса Янга каля 19:00, але дзверы клуба будуць адчыненыя з 18:00. Да таго ж, арганізатары прапануюць усім апранаць вясёлыя прыкіды ды браць адпаведную атрыбутыку, каб нагадваць Ангуса.
Уваход ад 80000, стлікі – 150 000.
Даведкі па тэлефоне 638-4444 з любога мабільнага.
У скайпе ды Гугл – diskoteq.
Квіткі ёсць ужо зараз у паб-клубе “Граффити”.