На Гродзеншчыне сялянаў пакаралі за брудныя платы
Жыхарам вёскі Квасоўка, які не прывялі ў парадак агароджы вакол сваіх падворкаў, не выдалі талонаў на прадукты.
У рэдакцыю газеты “Перспектыва” прыйшоў ліст ад пенсіянераў, якіх такім чынам пазбавілі падтрымкі. Людзі сталага веку, якія ўсё жыццё працавалі ў мясцовым калгасе, разгубленыя. Яны кажуць, што іх ніхто не папярэдзіў пра неабходнасць памыць платы да пэўнага чысла.
“Нам ужо няшмат засталося жыць, пражывем мы і без калгаснага малака, але душаць слёзы крыўды за тое, што ўсё жыццё аддалі калгасу, а ў выніку дажылі да такога гонару…” — пішуць жыхары Квасоўкі.
Намеснік старшыні калгасу імя Крамко Іван Швайбовіч распавёў, што людзей сапраўды пазбавілі талонаў, бо тыя не памылі платы і не прыбралі прылеглую тэрыторыю. Разам з тым ён прызнаў, што адказныя за навядзенне парадку на вуліцах аграгарадка не своечасова інфармавалі насельніцтва аб уборцы.