На канцэрце ў памяць пра лідара Svet Boogie Band яго рэчы пусцяць з малатка

28 красавіка ў клубе "Мулен Руж" адбудзецца дабрачынны канцэрт "SVET — легенда блюза". Імпрэза прысвечаная лідару Svet Boogie Band Святаславу Хадановічу, які загінуў у верасні 2008 года.

На канцэрце плануецца выступ гуртоў White Night Blues ды The Outsiders разам з Паўлам Аракелянам, а таксама лепшых выканаўцаў на губным гармоніку: Ігара Варашкевіча, Арцемія Крычэўскага, Дзяніса Балахонава, Віталя Шышпаронка ды экс-кантрабасіста Svet Boogie Band Арцёма Гаўрушына.

Па словах арганізатара мерапрыемства Паўла Кашырына, паміж выступамі музыкаў арганізатары запланавалі дабрачынны аўкцыён. З малатка пойдуць рэчы Света і прадметы, так ці інакш звязаныя з яго творчасцю. Усе сродкі сабраныя на канцэрце пойдуць на здымкі дакументальнага фільма пра музыку.

Павел Кашырын: “Гэта канцэрт-акцыя прымеркаваная, па-першае, да дня нараджэння Света, бо 23 красавіка ў яго мусіў бы быць дзень нараджэння [Святаславу споўніўся б 31 год. – заўв. Еўрарадыё]. Паводле ідэі маці Света, усе сродкі пойдуць на здымкі фільма. У цяперашняй эканамічнай сітуацыі вельмі складана знайсці нейкія спонсарскія грошы, таму даводзіцца ўсё рабіць сваімі сіламі”.

 
Дарэчы, праца над фільмам пачалася яшчэ ў 2010 годзе. Па словах рэжысёра стужкі Алены Сагельскай, ужо знятыя размовы з вядомымі маскоўскімі блюзмэнамі, музычнымі прадзюсерамі, дырэктарамі клубаў, якія прызнаюць важнасць Света ў музычным жыцці Масквы.

Алена Сагельская: “Ён быў лідарам маскоўскай блюзавай сцэны цягам трох-чатырох гадоў. Ёсць нейкая несправядлівасць у тым, што тут яго мала ведалі, мала круцяць на радыё і цяпер. То бок, ён мусіць быць гонарам Беларусі, мусяць быць фестывалі яго імя… Уявіце што б было, калі б у нашым горадзе жыў Курт Кабэйн…”

Алена дадала, што асноўная ідэя фільма менавіта ў тым, каб прыцягнуць дадатковую ўвагу да асобы Света. Для гэтага выкарыстоўваюцца ўласныя архівы музыкі, яго рэдкія запісы ды фота, якія дала маці музыкі. Праўда, па прызнанні рэжысёра, дагэтуль застаецца яшчэ шмат працы.

Алена Сагельская: “Сітуацыя з фільмам незвычайная. То бок ён і здымаецца, і адначасова сумесна з Таццянай Заміроўскай вядзецца праца над сцэнаром. Дакументальны фільм - гэта нешта жывое. Першапачатковы сцэнар дакументальнага фільма і тое, што атрымліваецца ў выніку, гэта заўсёды вялікая розніца. Свет быў вельмі яскравай творчай асобай, у шырокім сэнсе. Каб распавесці пра яго творчы шлях, трэба паразмаўляць з велізарнай колькасцю людзей і апрацаваць велізарную колькасцю матэрыялу, які ён пакінуў”.

Ужо цяпер можна сказаць, што ў фільме будуць гучаць кампазіцыі Света, якія раней нідзе не выдаваліся. Плануецца, што дакументальны фільм пра жыццё ды творчасць Святаслава Хадановіча з’явіцца бліжэй да даты яго гібелі, і будзе прэзентаваны на канцэрце-прысвячэнні музыку.

“Пра канцы верасня, ці пачатку кастрычніка будзе прэзентацыя фільма і вялікі канцэрт, – кажа Павел Кашырын. – Мы хочам, каб гэта стала стартавай кропкай для штогадовага фестывалю пад назвай “Svet Boogie Fest”, які будзе праходзіць кожную восень у Мінску ды ў Маскве. Каб сюды прыязджалі масквічы, а туды прыязджалі нашы”.

Нагадаем, Святаслаў Хадановіч, больш вядомы як Свет – вакаліст і кампазітар, віртуозны піяніст ды гітарыст, а таксама вядомы выканаўца на губным гармоніку. 12 верасня 2008 года ён трагічна загінуў у выніку ДТЗ ў Мінску ва ўзросце 28 гадоў. Разам з гуртом Svet Boogie Band музыка запісаў два паўнавартасныя альбомы, адзін сінгл і выдаў два канцэртныя DVD.

Фота: жж-юзера gwendelin

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі