На прэзентацыі дыска “Йо-Йо” падлеткі шакавалі трукамі з аднайменнай цацкай

130114_malina_jo-jo.mp3

“Добры вечар! Вы не ўяўляеце, як мы рады, што сёння на наш канцэрт прыйшло… дастаткова людзей! Бо зараз на канцэрты ходзяць не актыўна, таму, дзякуй вам! І пачаць хацелася б з абсалютна новай песні, якую мы толькі разабралі, яна яшчэ нават не запісаная”, — пачынае прэзентацыю альбома “Респект Менделееву мінскі ска-гурт “Йо-Йо”.

Цягам канцэрта музыкі выконваюць пяць абсалютна новых трэкаў, якія не трапілі на трэцюю пласцінку. Трамбаніст гурта Канстанцін Карповіч тлумачыць гэта тым, што песні “Респект Менделееву” ўжо добра знаёмыя аматарам калектыву, бо не раз выконваліся на канцэртах. Маўляў, атрымліваецца Стары Новы год са старым новым гуртом і старымі новымі песнямі, а вельмі хацелася ўсё ж зрабіць нейкі падарунак прыхільнікам.

“Мы цяпер актыўна працуем над новымі песнямі, думаю, што ў бліжэйшы час сядзем у студыі і запішам іх, — працягвае Косця. — Дарэчы, ў наступным месяцы плануем прэзентаваць сінгл “Пузо – сила”, які ўжо зведзены, і ў нас на руках майстар-дыск”.

 

Косця запэўнівае, што такіх затрымак, як з “Мендзялеевым”, ужо не будзе, і, хутчэй за ўсё, сінгл прагучыць упершыню ў тым жа клубе, што і новы альбом. Вось толькі дыскатэчны “К-3” не самы лепшы выбар для “жывых” музыкаў. У ім няма ні патрэбнай канцэртнай апаратуры — музыкі цягнулі сваю, ні добра наладжанага гуку, ні… вакалу. Часам падаецца, што фронтмэн гурта Віктар Гурын проста адкрывае рот перад выключаным мікрафонам. Не тое, што словаў разабраць было немагчыма, хацелася хоць бы голас пачуць…

Дарэчы, у клубе няма і сцэны, хоць у выпадку з гуртом “Йо-Йо” і вялікай колькасці сяброў перад музыкамі, гэта, можа, нават плюс. Прыхільнікі наўпрост шэпчуць на вуха вакалісту словы падзякі, спяваюць з ім разам у мікрафон, хоць, гэтага і не чуваць, перадаюць музыкам шампанскае ды піва, скачуць паміж “йо-йошкамі” ды фоткаюцца падчас выступу.

Яшчэ адным захапленнем ды… цудам вечару, апроч нарэшце выдадзенага ды прэзентаванага альбому, становяцца два падлеткі Стас ды Аляксей 13 ды 16 гадоў адпаведна. Хлопцы так феерычна гуляюцца з цацкай йо-йо (бочачка на вяровачцы, якая раскручваецца на пальцы) пад музыку гурта, што нават самыя актыўныя танцоры спыняюцца з адкрытымі ратамі. Прычым, хлопцы знайшлі музыкаў самі і прапанавалі сваю дапамогу на прэзентацыі.

“Вельмі дзіўна пазнаёміўся з гуртом, бо шукаў у інтэрнэце, дзе набыць сабе новую йо-йо, а мне высвеціўся гурт, — узгадвае малодшы спецыяліст па йо-йо, а старэйшы дадае. — Я і раней чуў пра гэты гурт, і некаторыя песні чуў таксама, але менавіта сачыць за альбомамі, за музыкай пачаў нядаўна. А пазнаёміліся з музыкамі мы толькі цяпер”.

Хлопцы дадалі, што навучыцца гуляцца з йо-йо можна даволі хутка, сяброў здзівіць можна ўжо праз некалькі месяцаў, таму, калі з’явяцца ахвочыя, то ўжо на наступным канцэрце пакруціць цацку зможа і больш людзей.

Бліжэй да 23-й усё больш людзей выказваюць свой асабісты рэспект “Мендзялееву” і чакаюць працягу, але хутка ў клубе пачнецца дыскатэка. Гурт “Йо-Йо” адплясвае разам з прыхільнікамі яшчэ дзве песні на біс і сыходзіць, пакідаючы выключны, выдатны настрой, ды спадзяванні, што і сапраўды, сінгла не давядзецца чакаць яшчэ год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі