На "Стад дэ Франс" беларускім гульцам свяцілі лазерам у вочы (фота, відэа)

Футбольная зборная Беларусі 11 верасня прайграла ў Парыжы Францыі — 1:3. З тэлевізійнай трансляцыі было відаць, што лазарам свяцілі ў вочы і галкіперу нашай каманды Сяргею Верамко.

“Мы таксама бачылі гэтыя прамяні, ― распавядае Еўрарадыё брамнік зборнай Беларусі Аляксандр Гутар. ― На маёй памяці такога яшчэ не было!” На матчы з Францыяй вароты Беларусаў абараняў яго калега Сяргей Верамко. Якой жа сілы былі лазерныя прамяні, калі іх было добра бачна нават з лавы запасных?

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Георгій Кандраццеў абмеркаваць эпізод з футбалістамі не паспеў ― тыя вылецелі з Парыжа яшчэ ўночы. Спецыяліст таксама бачыў, як у вочы Сяргею Карніленку свяцілі лазерам:

“Безумоўна. Калі яму ў вока трапіла, магло перашкодзіць прабіць пенальці”.

Георгій Пятровіч вельмі не задаволены не толькі паводзінамі французскіх гледачоў, але і судзействам.

“Калі так вось шчыра ― я не задаволены судзействам у абедзвюх гэтых сустрэчах, асабліва ў Тбілісі. А гэтыя ўсе справы… Ну, натуральна, да нас ставяцца не вельмі добра. Нельга, каб над намі здзекаваліся, прыніжалі нас. Я не толькі пра футбол”.

Эпізод на просьбу Еўрарадыё каментуе вядомы беларускі арбітр Вадзім Жук:

“Складана сказаць, ці паўплываў лазерны прамень на ўдар Карніленкі. Але без увагі ФІФА гэта адназначна не застанецца. Для гэтага на матчы прысутнічае дэлегат, які ацэньвае арганізацыю, бяспеку і правядзенне матча. І ён напэўна ў сваіх рапартах напіша пра гэты выпадак. ФІФА запросіць тлумачэнні ў суддзі. І, калі суддзя пацвердзіць гэта, будуць прынятыя дысцыплінарныя санкцыі ў дачыненні да французскай Федэрацыі футбола”.

Такім чынам, разбіральніцтва пачнецца і без нейкіх адмысловых зваротаў з боку беларускіх футбалістаў, трэнераў ці футбольнай федэрацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі