На ўчастку у Мінску назіральнікаў прыкрылі кветкамі і заглушылі музыкай
Умовы ім палепшылі толькі падчас галасавання незалежнага кандыдата
Еўрарадыё адправілася на галасаванне на выбарчы ўчастак №18 Сухараўскай акругі №30 у Мінску. Сёння а дзясятай раніцы тут галасаваў кандыдат у дэпутаты 24-гадовы юрыст Арцём Шаркоў.
Пакуль карэспандэнтка Еўрарадыё знаходзілася на ўчастку, галасаваць прыходзіла мала людзей, і ў асноўным — пенсіянеры. Але старшыня выбарчай камісіі Аляксандр Падневіч кажа, што сёння людзі прыходзяць актыўна, а калі прачнуцца, будзе яшчэ больш:
“Я быў старшынёй ужо шмат разоў. І сёння людзі ідуць даволі актыўна. Датэрмінова вельмі актыўна прыходзілі, і сёння, калі папрачынаюцца, то будуць таксама ісці”.
Нягледзячы на вялікую канкурэнцыю — ажно 6 сапернікаў, спадар Шаркоў верыць у сваю перамогу.
Арцём Шаркоў: “Выбарчая кампанія дастаткова цікавая, зыходзячы з таго, што ў нас на акрузе 7 кандыдатаў. Амаль кожны з нас праводзіць нядрэнную кампанію, не зважаючы на тое, што вынік гэтых выбараў па большай частцы ўжо вядомы. Але сам факт таго, што было шмат кандыдатаў, шмат розных улётак, шмат каманд тут працавала — інтэнсіўнасць выбараў была вельмі высокая”.
Еўрарадыё: Ці верыце вы ў сваю перамогу?
Шаркоў: “Калі не верыць у яе і не жадаць, то не варта ўвогуле брацца за справу”.
Перадвыбарную кампанію Арцём Шаркоў правёў “паводле амерыканскага стылю”. І цяпер упэўнены, што яго твар ведае кожны другі выбаршчык:
“Мы са сваімі людзьмі закідалі ўлёткамі ўсё Сухарава, правялі кампанію ў новым рэжыме — па паштовых скрынях нічога не кідалі, а раздавалі ўлёткі паводле амерыканскага стылю: пад шчоткі аўтамабіляў, наклейвалі на кожны пад’езд. Таму мой твар ведае калі не кожны выбаршчык, дык кожны другі дакладна”.
Разам з Арцёмам Шарковым па Сухараўскай выбарчай акрузе балатуецца і палітолаг Алесь Лагвінец. “Мы хоць і ідзем канкурэнтамі, але ў гэтых выбарах працуем шчыльна”, — кажа Арцём:
“Мы ў вельмі добрых стасунках з Алесем Лагвінцом, даўнія знаёмыя, ужо больш за 5 год сябруем і не адну кампанію разам прайшлі — дзве парламенцкія кампаніі, прэзідэнцкую, мясцовыя выбары... Так сталася, што жывем проста побач. Мы разам наладзілі назіранне, пад яго кіраўніцтвам. Таму працуем максімальна шчыльна, максімальна разам”.
Еўрарадыё пагутарыла і з назіральнікамі на выбарчым участку. Адзін з іх, Алесь Герасіменка, расказаў, што пакуль ніякіх парушэнняў не было, але адзначае: іх цяжка заўважыць, бо з-за гучнай музыкі нічога не чуваць, а з-за кветак, што стаяць перад назіральнікамі, нічога не бачна:
“Назіраць на адлегласці 20-30 метраў ад таго, што адбываецца, вельмі цяжка: не чуваць, што пытаюцца людзі, што ім адказвае камісія — абсалютна не чуваць. Тым больш тут зараз музыка грае. І пэўныя моманты, бывае, на тры метры не чуваць з-за гэтай музыкі, а не тое што дыялогі паміж тымі выбаршчыкамі і сябрамі камісій. І, зразумела, не бачна, што яны адзначаюць, дзе яны падпісваюцца, не бачна, што ў бюлетэнях адбываецца. І гэта ўскладняе працэс назірання.
Але так ці інакш нашая прысутнасць у пэўным сэнсе напружвае камісію — яны хаця б прыгадваюць, што існуе нейкі закон і яны мусяць яго выконваць”.
Пакуль карэспандэнтка Еўрарадыё размаўляла з назіральнікамі, ім вырашылі палепшыць ўмовы назірання: прыбралі пальмы, што стаялі акурат перад крэсламі. Алесь Герасіменка спадзяецца, што дазволяць і перасесці бліжэй:
“На ўчастку прысутнічае дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Паважаная дэпутатка зараз пачынае рабіць нейкія ўказанні ўсім… Ага зараз яна вырашыла палепшыць умовы назірання. Яна сама адчула сябе назіральнікам, рассунула пальмы. Насамрэч гэта такая эпахальная падзея, таму што гэтыя пальмы заўжды перашкаджаюць назіраць. І такім чынам толькі што дэпутат Нацыянальнага сходу палепшыла ўмовы назірання — можна за гэта ёй нават падзяку выказаць. Калі б мы маглі яшчэ папрасіць яе бліжэй паставіць нашыя крэслы, было б яшчэ лепш”.