На які канцэрт пайсці ў Дзень Святога Валянціна
На 14 лютага прызначана некалькі рамантычных імпрэз. “J:Морс” падараць гледачам жуйкі “Love is…”, а “РСП” будуць раскідвацца ўласным генафондам.
Еўрарадыё падрыхтавала сталічны гід для закаханых меламанаў на 14 лютага. Сёлета Дзень усіх закаханых прыпадае на чацвер — не самы ўдалы дзень для вечаровых тусовак. Таму “прапанова” ад сталічных клубаў небагатая, адмысловых святочных праграм вельмі мала.
Хіба трэш-гурт “Разбітае сэрца пацана” вырашыў узгадаць пра закаханых у яго прыхільніц і выканаць іх самае патаемнае жаданне.
“Як паказала практыка і апытанне насельніцтва, шматлікія прыхільніцы жадаюць ад нас дзяцей! Я нават маю гэтаму пісьмовы доказ, — узгадвае колішні падарунак фанатак (афіша, на зваротным баку якой усё зацалавана ды напісана “РСП, мы хацім ад вас дзяцей”) лідар гурта Дзяніс Тарасенка. — Таму мы вырашылі ў гэты дзень нікога не крыўдзіць і будзем са сцэны распрыскваць свой генафонд. Самая шчаслівая абавязкова яго атрымае”.
Такая заява наўрад ці спадабаецца тым, хто плануе прывесці 14-лютага ў клуб “Цэнтр” сваю любімую. Тым не менш, “РСП” абяцаюць выканаць апошнюю праграму і лепшыя песні, а калі паспеюць, і прэзентаваць абсалютна новы трэк.
Клуб Rе:Public 14 лютага будзе забіты закаханымі парамі. У 19:00 там пачне адмысловую праграму да Дня ўсіх закаханых гурт “J:Морс”. На ўваходзе ў клуб усе гледачы атрымаюць жуйкі “Love is…”, а парачка шчасліўчыкаў будзе слухаць канцэрт, лежачы ў ложку!
Гурт Naka рыхтуе ў “Гудвіне” акустычны варыянт сваіх хітоў, якія Наста Шпакоўская выконвае пад акампанемент клавішаў.
“Перад прэзентацыяй альбому, якая плануецца на красавік, гэта будзе апошні канцэрт у Мінску ў такім фармаце, — распавядае вакалістка. — Будуць і старыя, і новыя кампазіцыі, сярод іх, натуральна, будуць і песні пра каханне, якія, мне падаецца, закаханым будуць акурат да месца”.
Яшчэ адно мерапрыемства вартае ўвагі —"Джазавы Мост" у ДК Прафсаюзаў. Там выступіць брытанскі джазавы спявак Ian Shaw ды легенды беларускага джазу — гурт Apple Tea. Гэты канцэрт не пазіцыянуецца як прымеркаваны да Дня ўсіх закаханых, але, бясспрэчна, яго настрой будзе цалкам адпавядаць гэтай даце.
На 14-га лютага сталічныя клубы больш нічога не прапануюць. Хіба што, дыджэйскія вечарыны, але ж мы кажам пра інструментальную музыку. А таму давайце пашукаем што-небудзь за дзень да свята.
Напрыклад, у “Мулен Руж” у чарговы раз прыязджае культавы нямецкі гурт Dephazz, а ў “Графіці” святкаваць другі дзень нараджэння ды прэзентаваць кліп будзе фанк-гурт Step Hall. Дарэчы, апошнія абяцаюць каштоўныя (і не вельмі) падарункі для ўсіх наведнікаў… Можна сэканоміць на падарунках для любімых.
Таксама 13 лютага ў малой зале к/з “Мінск” з акустычнай праграмай выступіць бярозаўскі гурт :B:N:, апошні альбом якіх адзначаны на фэсце “Даём рады” за найбольшы слухацкі попыт на сайце Еўрарадыё.
“З-за акустыкі канцэрт будзе вельмі павольны ды лайтовы, таму і вырашылі яго прымеркаваць да Дня закаханых, — разважае лідар гурта Алесь Лютыч. — Да таго ж, гэта будзе першая акустыка ў поўным складзе. Раней акустычна мы выступалі толькі ўдвох, разам з гітарыстам”.
15-га лютага пра Дзень усіх закаханых прамоўтары, арганізатары ды арт-дырэктары клубаў ужо не ўзгадваюць: ніякіх тэматычных мерапрыемстваў. Так што лавіце момант і не правароньце свята!