“Нафтан” пачне сезон у Віцебску, а “Віцебск” можа пераехаць... у Оршу
Еўрарадыё даведалася, як футбольныя клубы рыхтуюцца да старту сезона.
“Справа ў тым, што 3-га лютага мусіць быць лічбавае лёсаванне календара. Калі нас там няма, то значыць нас там няма. Усё. Таму да 3-га лютага я яшчэ займаюся рэальнымі спонсарамі, а пасля не ведаю”, – распавядае Еўрарадыё генеральны дырэктар сталічнага клуба “Партызан” Людас Румбуціс.
Асноўны спонсарскі варыянт у клуба, які ў гэтым сезоне вярнуўся ў вышэйшую лігу, сарваўся. Таму існуе пагроза, што колішні ўладальнік кубка Беларусі і прызёр чэмпіянату краіны спыніць сваё існаванне.
У Федэрацыі футбола спадзяюцца, што “Партызан” здолее вырашыць свае праблемы, і чакаюць заяўку ад клуба.
“Мы не ўмешваемся ва ўнутраныя справы клуба, мы толькі зацікаўленыя ў тым, каб клуб захаваўся, падаў заяўку і ўдзельнічаў у чэмпіянаце. Але вырашае будучыню клуба ўладальнік і стваральнік, а не мы”, – зазначае дырэктар дэпартамента ліцэнзавання БФФ Віталь Карнавушанка.
Яшчэ адзін дэбютант вышэйшай лігі, мазырская “Славія”, таксама мае праблемы з ліцэнзаваннем.
Віталь Карнавушанка: “Яны зараз актыўна выпраўляюць, працуюць над гэтым. Яны пададуць дакументы, а потым мы будзем ацэньваць, што ж яны рэальна зрабілі”.
Яшчэ адзін прадстаўнік вышэйшай лігі наваполацкі “Нафтан”, хутчэй за ўсё, пачне сезон не на ўласнай арэне, а на стадыёне ў Віцебску.
“Падагрэву няма, і ў кожным выпадку, поле да гэтага часу яшчэ не будзе гатовае, адназначна. Таму дзве гульні мінімум у Віцебску, а там паглядзім”, – кажа ў размове з Еўрарадыё старшыня наваполацкай каманды Леанід Падліпскі.
Пакуль “Нафтан” будзе гуляць у Віцебску, сам “Віцебск” збіраецца шукаць сабе іншае месца, бо мае запазычанасць за арэнду стадыёна. Таму дырэктар клуба Віталь Стаўбіцкі не выключае, што каманда пачне сезон у іншым месцы. Напрыклад… у Оршы.
Віталь Стаўбіцкі: “Пытанні вырашаюцца. Ну, на ўсялякі выпадак, мы рыхтуем яшчэ запасныя варыянты, але я думаю, што ўсё будзе ў парадку. У нас выдатны стадыён у Оршы ёсць”.
Тым часам федэрацыя футбола рэкамендавала клубам вышэйшай лігі пашукаць сцюардаў. Па словах афіцэра па пытаннях бяспекі БФФ Аляксандра Чэрніка, у федэрацыі футбола хацелі б вывесці людзей у форме за чашу стадыёну. А ў чашы пакінуць аматараў футбола і валанцёраў.
Аляксандр Чэрнік: “Зразумела, хацелася б, людзей не з ліку, так сказаць, актыўных хуліганаў – гэта зразумела. А людзі, якія наадварот будуць сачыць за парадкам, паводзінамі заўзятараў. Адны прыходзяць паглядзець, а іншыя – паказаць сябе, пахуліганіць. Натуральна, нам такія не патрэбныя, мы б не хацелі з імі працаваць”.
Нагадаем, футбольны сезон-2012 стартуе 5 сакавіка матчам за Суперкубак, у якім сустрэнуцца барысаўскі БАТЭ і “Гомель”. А ўжо 24-25 сакавіка на поле мусяць выйсці каманды вышэйшай лігі.
Фота: fcsm.by