Наталля Марчанка: БАТЭ для мяне — клуб нумар адзін!

Баскетбалістка Наталля Марчанка нечакана перайшла ў футбольны клуб БАТЭ.

“Ну, пэўна, калі б мы прайшлі адбор на Алімпіяду, я б усё ж такі яшчэ “папыліла”. Але, з аднаго боку, такі наш няўцямны выступ на чэмпіянаце Еўропы прымусіў мяне задумацца пра маю будучыню як спартсменкі, гульца зборнай”, — тлумачыць яна.

Паводле словаў Наталлі Марчанкі, за апошні час назбіралася пэўная стомленасць. А тут і старшыня праўлення БАТЭ Анатоль Капскі зрабіў прапанову, ад якой Наталля не змагла адмовіцца.


Анатоль Капскі: “З улікам стварэння холдынгавай кампаніі на чале з заводам БАТЭ я стаў больш загружаны, мне неабходны чалавек, які будзе прадстаўляць мае інтарэсы, мае патрабаванні, які будзе дапамагаць мне ў распрацоўцы стратэгіі развіцця клуба і ў маніторынгу ўкаранення распрацаванага”.

Сапраўды, барысаўскаму клубу могуць спатрэбіцца багаты міжнародны досвед, амерыканская адукацыя і валоданне мовамі Наталлі Марчанкі. Тым больш, што яна, як кажа Анатоль Капскі, добра разбіраецца як у футболе, так і ў валейболе. Ёй нават ужо даручылі прааналізаваць, чаму барысаўскія валейбалісты адстаюць ад сваіх футбольных калегаў.


Наталля Марчанка: “Ну, так, ёсць клуб (БАТЭ-БДУ — Еўрарадыё), было даручана крыху прааналізаваць яго выступленне і селекцыйную працу, планы, мэты, задачы, стратэгіі развіцця. Над гэтым працуем”.

Наталля кажа, што з футболам знаёмая не па чутках. Яе муж — Аляксей Бага — цяпер з’яўляецца адным з трэнераў каманды. Для самой Наталлі Марчанкі БАТЭ — каманда нумар адзін. А вось лепшы футбаліст для яе — гэта Паўла Мальдзіні.


Наталля Марчанка: “Футбольны клуб БАТЭ — для мяне нумар адзін цяпер, натуральна. Ну, а так па гульні мне імпанаваў “Мілан” у тыя часы, калі гуляў Мальдзіні. А на ўсіх чэмпіянатах свету і Еўропы я балею за Італію”. 

Нагадаем, у складзе баскетбольнай зборнай Наталля Марчанка заваявала бронзу на чэмпіянаце Еўропы 2007 года, 4 месца на чэмпіянаце Еўропы 2009 і на чэмпіянаце свету 2010 гадоў, а таксама 6 месца падчас Алімпіяды 2008 года.

Фота: zimbio.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі