"Мне сказалі: калі не буду думаць як праўдзівы БРСМавец, то буду выключаны"

110920 Pratasevi4_site.mp3

Еўрарадыё: Чым для вас абярнуліся “маўклівыя акцыі”?

Раман Пратасевіч: Для мяне гэта скончылася яшчэ не вельмі добра, бо зараз і цягам працяглага часу адбываецца пастаянны прэсінг з боку адміністрацыі маёй навучальнай установы. Зараз ставіцца пытанне аб маім выключэнні.

Еўрарадыё: Вас выклікалі да кіраўніка ўстановы, што менавіта вам казалі, якім чынам на вас ціснуць?

Пратасевіч: Выклікалі, неаднаразова гэта было. Учора ў каторы раз быў выкліканы мой бацька да дырэктара, і там адбылася вельмі сур’ёзная размова, дзе мне сказалі, што, калі яшчэ хоць раз пакажу выгляд, што я, скажам так, думаю не так, як астатнія, не так, як павінны думаць праўдзівы БРСМавец, то я буду выключаны. І сёння, літаральна некалькі гадзін таму, класны кіраўнік пры ўсёй навучальнай групе сказаў, што калі яшчэ раз нешта падобнае будзе, я хоць словам абмоўлюся, што я буду ўдзельнікам чарговай акцыі, ці проста пакажу выгляд, што думаю, як сказалі, апазіцыйна, то ў мяне будуць праблемы.

Еўрарадыё: Адкуль адміністрацыя ліцэя атрымала такую інфармацыю, што вы ўдзельнічалі ў “маўклівых акцыях”?

У мяне з дырэктарам ліцэя была такая цікавая размова. Здарылася так, што яна расказала мне пра тыя тэлефонныя размовы, калі я размаўляў з сябрам, калі я быў адзін дома. 

Пратасевіч: У мяне з дырэктарам ліцэя была такая цікавая размова. Здарылася так, што яна расказала мне пра тыя тэлефонныя размовы, калі я размаўляў з сябрам, калі я быў адзін дома. На пытанне, як яна пра гэта даведалася, яна адказала, што "гэта ўсё зверху". Таксама дырэктар распавяла мне пра маю актыўнасць у сетках — “Вконтакте”, Твітэр, Фэйсбук, дзе яна прывяла прыклады, што я, нібыта, агітую астатніх людзей ісці на гэтую акцыю. Таксама, як яна сказала, нібыта, хтосьці з маіх калег расказаў пра мяне шмат нядобрага.

Еўрарадыё: Мы ведаем, што і на працы ў вашых бацькоў узніклі праблемы, ці так гэта?

Пратасевіч: Так. Мае бацькі працуюць у сілавых структурах. Бацьку ўжо аднойчы быў выгавар за тое, што ён, як яму сказалі, не ўмее выхоўваць сына.

Еўрарадыё: Як вашы бацькі ставяцца да вашай грамадзянскай пазіцыі?

Пратасевіч: Мой бацька прымае маю пазіцыю, ён не пратэстуе супраць таго, што я думаю інакш. А маці яна больш жорстка ставіцца і яна даволі часта кажа мне, што гэта кепска.

Еўрарадыё: Ведаем, што не толькі вы маеце такія праблемы, але і вашы сябры?

Пратасевіч: Так. Напрыклад, маці майго сябра ўчора выклікалі разам з маім бацькам. Зараз якраз вядзецца размова ў кабінеце дырэктара з маці яшчэ адной ліцэісткі аб яе “апазіцыйным мысленні”. Такім чынам, у нас ужо трое такіх пакараных.

Еўрарадыё: Я так разумею, што пакуль выключэнне вам не пагражае?

Пратасевіч: Я сумняваюся, што яшчэ доўга змагу правучыцца ў ліцэі. Бо мяне папярэдзілі, што, калі заўтра дакладуць, што я быў, то я буду выключаны.

Еўрарадыё: Вы плануеце заўтра прыйсці на акцыю?

Пратасевіч: Я не баюся сказаць тое, што я заўтра ў чарговы раз выйду, як і шмат разоў да гэтага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі