Выйшаў трыб'ют Neuro Dubel. Прэзентацыя ўжо сёння! (слухаць)
Двайнік з 30-цю каверамі на песні гурта прэзентуюць “Палац”, IQ48, “Йо-йо”, The UNB ды Blagi Mat.
Кожны гурт будзе выступаць 20-30 хвілін, як самі пажадаюць, каментуе лідар Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч.
“Каб гэта быў Палац Спорту, то можна было б што-небудзь рабіць, а гэта звычайны клубны выступ. Таму і гуртоў так мала, каб хоць неяк патрапіць у час. Тым больш, з гэтымі гуртамі ў мяне традыцыйна добрыя адносіны, не проста добрыя, а сяброўскія”.
Першапачаткова трыб’ют Neuro Dubel рыхтаваўся да 18-годдзя гурта яшчэ пяць гадоў таму. Запіс першага дыска праходзіў у студыі “ОСМОС” за кошт саміх “Дзюбеляў” і, калі ўсё было гатова, пачалі забараняцца канцэрты, таму складанка так і не была прэзентаваная. Але розныя музыкі працягвалі дасылаць Кулінковічу свае каверы і ў выніку песень назапасілася на двайнік.
“Для таго, каб хоць неяк годна прэзентаваць, хацелася хоць бы такой сцэны, як у “Рэактары”, — працягвае Кулінковіч. — Клуба, дзе будзе праходзіць прэзентацыя, вельмі мала. Але мы доўга чакалі, пакуль надыдзе адліга і будуць адмененыя гэтыя чорныя спісы, і так і не дачакаліся”.
Дарэчы, альбом-трыб’ют ужо з’явіўся ў вольным доступе ў сеціве, а дыскі можна будзе набыць падчас усіх канцэртаў Neuro Dubel. Квіткі на прэзентацыю каштуюць ад 120 да 200 тысяч рублёў, прадаюцца яны выключна ў “Гудвіне” і іх колькасць абмежавана.
Квіткі: 120 000 (танцпол папярэдне), 150 000 (танцпол у дзень канцэрта), 150 000 (столікі на першым паверсе папярэдне), 170 000 (столікі на першым паверсе ў дзень канцэрта), 150 000 (столікі на другім паверсе з абмежаванай бачнасцю папярэдне), 170 000 (столікі на другім паверсе з абмежаванай бачнасцю ў дзень канцэрта), 180 000 (VIP-столікі на другім паверсе папярэдне), 200 000 (VIP-столікі на другім паверсе ў дзень канцэрта).
Даведкі па тэлефонах: +375 29 6715865, +375 29 2544909.