“Ну як? І ў падтрымку зможам… І на гэта самае… І на сходах усюды выступаць"

110927 Nasta BR.mp3

26 верасня ў Добрушы праходзіць паседжанне раённага савета “Белая Русь”. Бухгалтарка цэнтральнай раённай бальніцы прапануе пераўтварыць рух у партыю народнага адзінства. У размове з Еўрарадыё яна распавядае, чым менавіта, на яе думку, будзе займацца партыя…


Людміла Несцерава, старшыня пярвічнай арганізацыі “Белая Русь”: “Ну як? Тут жа як… І ў падтрымку зможам… І на гэта самае… вось у нас… ну, і на сходах усюды выступаць, і падтрымліваць… Тут жа магчымасцяў будзе вельмі шмат”.


Чаму такая ідэя нарадзілася менавіта ў бальніцы, Еўрарадыё спытала ў галоўнага ўрача Надзеі Белаглазавай:


“Таму што мы вельмі актыўныя і ініцыятыўныя. Мы намагаемся ісці ў нагу з часам. Заўсёды ўсіх падтрымліваем… І самі выступаем у любой ініцыятыве першымі”.


Па словах урача, 120 супрацоўнікаў бальніцы — члены “Белай Русі”. Як даведалася Еўрарадыё, выступіць з палітычнай заявай урачам прапанаваў старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” у Добрушы Васіль Зубок. На яго думку, мэты, якія ставіла перад сабой грамадскае аб’яднанне, ужо выканалі. У партыі — больш магчымасцяў.


Зубок: “Гэта ідэя выношвалася даўно. Статус партыі нашмат шырэй, чым грамадскае аб’яднанне. Партыя мае заканадаўчую ініцыятыву, уносіць свае праекты законаў, дамагаецца іх прыняцця”.


Шчыра кажучы, партыя не мае заканадаўчай ініцыятывы, але Еўрарадыё не стала расчароўваць будучых партыйцаў, а паслухала пра палітычную будучыню:


Зубок: “Любая партыя ставіць перад сабой такую мэту. Калі яна заваюе аўтарытэт, будзе падтрыманая большасцю выбаршчыкаў, атрымае большасць галасоў, яна ўжо будзе вызначаць і палітыку, і распрацоўваць сацыяльна-эканамічную праграму, і вырашаць кадравыя пытанні”.


Па задуме, у партыі “Белая Русь” людзей будзе менш, затое яны будуць яшчэ больш ідэйнымі.


Зубок: “У арганізацыю частка людзей прыйшла за кампанію… Яны не працуюць у грамадскім аб’яднанні, як мусіць. Тут павінны быць людзі ідэйныя, якія шчыра вераць, што яны сёння падтрымліваюць дзяржаўныя органы”.


Лепш за ўсё партыю “Белая Русь” узначаліць Аляксандр Радзькоў.


Зубок: “Я ведаю Аляксандра Міхайлавіча даўно. Чалавек сябе нічым не запляміў, прафесіянал. Цяпер жа ён першы намеснік главы адміністрацыі. Я, напрыклад, бачу ў ім лідара. Нашы члены яму давяраюць. Мы таксама раіліся з іншымі старшынямі раённых арганізацый “Белая Русь”. І таксама такое меркаванне, што Радзькоў падыходзіць на гэтую пасаду”.


І калі “Белая Русь” стане партыяй, сюды будуць пераходзіць члены з партыі камуністаў.


Зубок: “Я чамусьці ўпэўнены, што шмат якія камуністы будуць пераходзіць да нас. Таму што, сярэдні ўзрост гэтай партыі 56 гадоў. Прытоку моладзі амаль што няма. Але яны таксама падтрымліваюць ідэю “за будаўніцтва незалежнай, моцнай і квітнеючай”, падтрымліваюць існуючую ўладу”.


Еўрарадыё: “Ці не баіцеся вы, што “Белая Русь” ператворыцца ў КПСС?”


Зубок: “Не баюся, цяпер час іншы…  Сёння мы за развіццё прадпрымальніцтва і гэтак далей. І ў "Белай Русі", наколькі я валодаю інфармацыяй, працэнтаў 20 прадпрымальнікі. Таму рэаліі сённяшняга дня нельга параўнаць з тымі, што былі ў часы праўлення КПСС. "Белая Русь" улічвае памылкі КПСС”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі