Нягледзячы на жалобу, у Беларусі працуюць казіно і танчаць стрыптыз
Дзяржаўныя сцягі прыспусцілі, але не адмянілі ні камедый, ні канцэртаў.
З 6 сакавіка Беларусь “далучылася да сусветнай жалобы” па прэзідэнце Венесуэлы Уга Чавесе. Па ўсёй краіне прыспушчаныя дзяржаўныя сцягі, а тэле- і радыёканалам рэкамендавана выключыць з эфіру забаўляльныя перадачы.
Выглядае на тое, што краіна смуткуе. У Гомельскім абласным драмтэатры адмяняецца канцэрт, прысвечаны Міжнароднаму дню жанчын. У сацыяльных сетках пачынаюць абмяркоўваць, ці будзе ўвогуле святкавацца 8 сакавіка, і ці не зробяць цяпер гэты дзень працоўным.
Але з раніцы 7-га робіцца зразумелым, што наконт свята можна выдыхнуць. Ды і слёзы таксама можна выцерці. У канцэртным раскладзе на бліжэйшыя дні нічога не змяняецца. У Доме афіцэраў адбудуцца ўсе запланаваныя пастаноўкі “сНежного шоу Славы Полунина”; к/з “Мінск”, Палац Рэспублікі, Тэатр імя Горкага, Дзяржаўны музычны тэатр і іншыя ― таксама нічога не адмяняюць.
“Нам прыйшло толькі распараджэнне прыспусціць дзяржаўны сцяг на будынку, ― прызнаюцца ў Дзяржаўнай філармоніі. ― Але наконт адмен канцэртаў ніякіх распараджэнняў не паступала”.
З рэпертуару сталічных кінатэатраў не знікаюць камедыі. У 2011-м, пасля выбуху ў мінскім метро, кінапраграма была істотна скарэктаваная. Дырэктар “Кінавідэапракату” Васіль Коктыш адзначае, што яму сапраўды шкада венесуэльскага лідара. Але змяніць афішу ён не здольны фізічна:
“А як мы можам адмяніць, калі ў нас квіткі загадзя набываюць? Я так разумею, што тэлебачанню ды радыё гэта дастаткова проста зрабіць. Тым больш, у нас вельмі розныя фільмы ідуць. А квіткі на выходныя ў Беларусі раскупляюць яшчэ ў чацвер. І што ж вы прапануеце нам, усім гэтым людзям вяртаць грошы?”
Адмяніць канцэрт, на падрыхтоўку якога часам ідзе некалькі месяцаў, сапраўды складана. А як з тымі забаўляльнымі мерапрыемствамі, якія можна зняць з праграмы шчаўчком пальцаў?
“У нас штодзень стрыптыз, ― аднолькава рэагуюць на пытанне адразу ў некалькіх стрып-клубах Мінска. ― З-за жалобы мы нічога не адмянялі, так што, прыходзьце!”
Што ж, у стрыптыз-клубах — ніякай жалобы. Без зменаў працуюць і сталічныя казіно. Вось ён які — смутак па-беларуску. Можна смела гуляць, няхай і пад прыспушчанымі дзяржаўнымі сцягамі.
Фота: iport.info