Някляеў, Глобус, Рублеўская, Бахарэвіч — у шорт-лісце прэміі імя Гедройца

130211_martin_gedroic.mp3

З 43 прэтэндэнтаў на літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца дзесяць сяброў журы абралі шэсць беларускіх аўтараў у шорт-ліст.

Галоўная мэта прэміі — папулярызацыя беларускай літаратуры ў Польшчы і ў Беларусі, адзначае падчас прэс-канферэнцыі амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка:

“Гэта падтрымка найбольш таленавітых сучасных беларускіх пісьменнікаў і, зразумела, ушанаванне патрона прэміі Ежы Гедройца, які нарадзіўся ў Мінску. З двух дзяржаўных моў мы абралі беларускую, бо пра яе трэба клапаціцца больш, чым пра рускую”, — кажа Лешак Шарэпка. Гэтым разам амбасадар карыстаўся беларускай мовай.

Сёлета на прэмію прэтэндавала ўдвая больш аўтараў, чым летась. А шасцёрка пераможцаў стала нечаканасцю для самога журы, якое тых прэтэндэнтаў абірала, кажа старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябра журы Барыс Пятровіч:

“Большасць сяброў журы абрала сваю шасцёрку. І гэтая сума суб’ектыўнасцяў дала такую аб’ектыўнасць, якая была нечаканай для кожнага. Вельмі добра, што ёсць такая прэмія, але шкада, што яна адна. У кожнай краіне такіх прэмій дзясяткі, а можа, і сотні. У нас такая прэмія адна”, — гаворыць Барыс Пятровіч.

І прапануе прапарцыйна падзяліць прэмію сярод некалькіх пераможцаў.

Іншы сябра журы, паэт Андрэй Хадановіч, не прыгадвае, каб хтосьці з літаратараў ці крытыкаў здагадаўся, хто пераможа.

“Мне здаецца, што шасцёрку не ўгадаў ніхто. Бо толькі лянівы не выкладваў у блогах свой праект спісу пераможцаў”, — адзначае літаратар.

Злева на права - Андрэй Хадановіч, Лешак Шарэпка, Барыс Пятровіч

Акрамя таго, пераможцаў вызначалі сябры журы Уладзімір Арлоў, Павел Касцюкевіч, Ганна Кісліцына, Лешак Шарэпка, Малгажата Бухалік, Пётр Казакевіч, Адам Паморскі і Валянцін Акудовіч.

У выніку, за прыз у 12 тысяч долараў пазмагаюцца шэсць празаікаў: Сяргей Балахонаў з творам “Зямля пад крыламі Фенікса”, Альгерд Бахарэвіч “Гамбурскі рахунак Бахарэвіча”, Адам Глобус “Сказы”, Уладзімір Някляеў “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”, Людміла Рублеўская “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”, Юры Станкевіч “Шал”.

Імя пераможцы стане вядомае 1 сакавіка.

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі