Някляеў: 90-годдзе Быкава будзе святкавацца агульнанацыяна
На гадавіну са дня нараджэння Васіля Быкава пісьменнікі, палітыкі, дыпламаты сабраліся на яго радзіме.
19 чэрвеня Васілю Быкаву споўнілася б 87 гадоў. Аматары яго творчасці з'ехаліся ў вёску Бычкі Ушацкага раёна, дзе знаходзіцца яго Дом-музей.
Сястра Васіля Быкава Валянціна Уладзіміраўна прыгадала школьныя гады:
"Я любіла пачытаць ягоныя творы, а ён іх не паказваў. А я дык усё роўна знайду і прачытаю. Калісьці ў школе на цэлы сшытак ён напісаў апавяданне..."
Сястра Васіля Быкава Валянціна
Валянціна Уладзіміраўна расказала, што пісьменніку не заўсёды лёгка было выражаць сябе праз праблемы з уладамі:
"Колькі на яго ціску было, каб ён пісаў не так, а ён па-свойму, ён любіў праўду, такі быў справядлівы".
Ля хаты пісьменніка адбылося і ўрачыстае ўзнагароджанне прэміяй імя Васіля Быкава “За свабоду думкі”. Сёлета бронзавую статуэтку былыя лаўрэаты прэміі Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, Павал Севярынец, Алесь Пушкін і Ада Райчонак прысудзілі Уладзіміру Някляеву.
Уручыў пераможную статуэтку старшыня "Руху за свабоду" Аляксандр Мілінкевіч. Ён пашкадаваў, што ў важны для краіны час дэмакратычная супольнасць Беларусі не вельмі аб'яднаная.
Аляксандр Мілінкевіч:"Зараз Беларусь стаіць на парозе тых пераменаў, пра якія так марыў Васіль Быкаў. Але калі няма ідэі і ідэялогіі, то ніякі пратэст не будзе да канца карысны нашай Бацькаўшчыне. Мусіць быць мірны кулак, які будзе дамагацца свабоды і дэмакратыі. І сэрцам гэтага кулака мусіць быць беларуская нацыянальная ідэя"
Сёлетні лаўрэат расказаў пра апошнюю сустрэчу з Васілём Быкавым за тры дні таго, як вялікі творца пайшоў з жыцця.
Уладзімір Някляеў: "Ён надкусіў сунічку і сказаў: "Ведаеш, а што ў жыцці ўвогуле трэба? Адно жыццё, адна жанчына і адна кветка"... Ён патрабаваў ад жыцця тое, што можа патрабаваць высокі духам чалавек".
Уладзімір Някляеў верыць, што неўзабаве дзень нараджэння Васіля Быкава будзе святкавацца на агульнанацыянальным узроўні.
На ўрачыстасць прыехала амбасадар Вялікабрытаніі Розмары Томас
У дзень, калі паўгода мінула з падзей “плошчы” паэт не мог не сказаць і пра палітыку. 19 снежня перамагла не ўлада, але Беларусь і беларускі народ, настрой якога зараз кардынальна мяняецца, упэўнены Уладзімір Някляеў.
"Рух за свабоду" падвёў таксама вынікі кампаніі "Страху няма". У намінацыі "Лепшы малюнак" пераможцам стаў Юрась Шпак-Рыжкоў, "Лепшае фота" - Андрэй Кабанаў, а Віталь Чмель перамог як аўтар "Лепшай гісторыі".
Здымкі: Вольга Хвоін