Пацярпелы на судзе: Следчыя ціснулі, каб сказаў, што Варламаў п’е

130306_martin_varlamov.mp3

Вадзім Кастэнка працаваў у “Агенцтве моды Сашы Варламава” з 2007 года як спецыяліст па менеджменце, уладкаваўся адразу пасля школы.

У судзе над мадэльерам Вадзім Кастэнка выступае як пацярпелы і заяўляе, што Варламаў прасіў яго хаваць ад дызайнераў і мадэльераў, што ім выплачваюць сутачныя.

Вадзім Кастэнка: “Калі мадэлі пыталіся пра сутачныя — накіроўваў да Варламава. А той адказваў: іх гэта не мусіць тычыцца”.

На думку былога супрацоўніка “Агенцтва моды Сашы Варламава”, грошы на замежныя паездкі даваў БДУ, і іх хапала.

Але праз колькі пытанняў хлопец нечакана прызнаецца, што на яго ціснулі падчас следства, прасілі гаварыць, што Варламаў шмат п’е.

“Падчас следства пыталіся пра алкагольныя напоі і давалі зразумець, што будуць праблемы, калі не буду адказваць як трэба. Следчыя сказалі: трэба напісаць, што Варламаў злоўжываў алкаголем. Я адмовіўся, і гэта прыбралі з пратакола толькі праз 30-40 хвілінаў”, — гаворыць Вадзім Кастэнка. Падчас следства хлопца дапытвалі каля 20 разоў.

Далей — цікавей: падчас суда высвятляецца, што Кастэнка меў канфлікт з Варламавым перад сваім сыходам з агенцтва. Цяпер ён не мае фінансавых прэтэнзій да мадэльера.

“Прэтэнзій не маю. Я прасіў Варламава, каб сплаціў сутачныя хаця б працаўнікам агенцтва”, — тлумачыць Кастэнка. І заўважае, што Варламаў даў яму пуцёўку ў жыццё.

А таксама прыгадвае: “Былі адна ці дзве паездкі, калі Варламаву прыйшлося пазычаць грошы, бо БДУ позна пералічылі”.

Вадзіма Кастэнку дапытваюць у судзе цэлы дзень, іншыя не паспяваюць выступіць.

Калі даходзіць да пытанняў Варламава, той нечакана гаворыць свайму былому супрацоўніку.

“Вы пасля школы проста займаліся кур’ерскай работай”.

І не паспявае задаць пацярпеламу ўсе пытанні. Калі суддзя яго падганяе, мадэльер проста адказвае:

“Я тут ужо два гады — час у нас ёсць”.

Нагадаем, мадэльера Сашу Варламава вінавацяць па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Суд над ім ідзе ўжо больш за месяц.

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі