Падатковая інспекцыя: Па просьбе Белстата робім справаздачы на дыскетах
Еўрарадыё даведалася, што чыноўнікі дагэтуль карыстаюцца дыскетамі.
У гадавым плане закупак Камітэта эканомікі Мінгарвыканкама на гэты год Еўрарадыё знайшло 250 “дыскет 3,5 пластык”. На іх з бюджэту горада выдаткоўваюць 375 тысяч рублёў.
У інспекцыі Міністэрства па падатках і сборах па Партызанскім раёне Мінска кажуць, што на дыскетах просіць справаздачы Белстат.
Падатковая інспекцыя Партызанскага раёна Мінска: “У асноўным, маладыя супрацоўнікі карыстаюцца флэшкамі. Толькі што Белстат просіць на дыскетах. І тое, там адна ці дзве справаздачы, раз у квартал шлем, можа. Нашы супрацоўнікі робяць справаздачу і скідваюць на дыскеце”.
А вось у падатковай інспекцыі Рагачоўскага раёна ніякімі дыскетамі не карыстаюцца. Ужо даўно ўжываюць флэшкі ці ўвогуле электроннае дэклараванне. Але, як кажа супрацоўніца раённай інспекцыі, ёсць праблемы з самімі кампутарамі.
Падатковая інспекцыя Рагачоўскага раёна: “З кампутарамі, як і паўсюль, думаю, напружана. Падаткаплацельшчыкі ходзяць да нас і бачаць, што ў нас стаіць”.
Прэс-сакратар Белстата Алена Кандраценка кажа, што выкарыстанне дыскет можа быць звязана з тэхнічнай аснашчанасцю на раённым узроўні. Як даведалася Еўрарадыё, у самім Белстаце таксама ёсць нюансы.
Алена Кандраценка: “У Белстаце тэхніка рознага ўзроўня. Мы бюджэтная арганізацыя”.
Тым часам начальнік упраўлення планавання і арганізацыі дзяржаўных статыстычных назіранняў Белстата Дзяніс Мялешкін кажа, што ніякіх просьбаў ці рэкамендацый адносна ўжывання дыскет няма. Але не выключае, што недзе да гэтага часу могуць выкарыстоўвацца гэтыя носьбіты інфармацыі.
Дзяніс Мялешкін: “Дыскеты нідзе не выкарыстоўваюцца. Калі і перадаем інфармацыю, то праз флэшкі. Тэхніка дазваляе выкарыстоўваць флэшкі. Нават не ведаю, у якіх выпадках могуць выкарыстоўвацца дыскеты. Можа, недзе і засталіся".
Еўрарадыё запыталася ў крамы носьбітаў лічбавай інфармацыі “Стары дом”, хто часцей за ўсіх набывае дыскеты. Аказалася, крама ўжо паўгода іх не прадае.
Супрацоўнік крамы “Стары дом”: “Ну, дыскеты ўжо адышлі цалкам. Зараз падатковыя ў нас бяруць кампакт-дыскі. Дыскеты ў нас пытаюць да гэтага часу. Проста некаторыя кампаніі спынілі вытворчасць дыскет”.
Фота: humbleablog.blogspot.com