Падчас жалобы з экранаў прыбралі камедыі і адмянілі канцэрты
Еўрарадыё высвятляла, якія забаўляльныя мерапрыемствы былі адмененыя ці перанесеныя праз жалобу па ахвярах выбуху 11 красавіка.
Нягледзячы на тое, што афіцыйная жалоба была абвешчаная толькі на адзін дзень, забаўляльная праграма Мінска згодна з распараджэннем Мінгарвыканкама змянілася амаль на тыдзень.
Так, кінаманы на тры дні пазбавіліся камедый. Засталіся на вялікіх экранах драмы і фэнтызі. Пра змены рэпертуару Еўрарадыё распавёў генеральны дырэктар “Кінавідэапракату” Васіль Коктыш.
“Мы паздымалі ўсе камедыі. Мы знялі з пракату “Болей, чым сэкс”, “Рыа”. Засталіся драмы, бо мы не можам зачыніць кінатэатры. У асноўным засталіся фэнтэзі, трылеры. Гэта “Забаронены прыём”, “Зыходны код”, “Лінкольн для адваката”. У такім рэжыме кінатэатры будуць працаваць тры дні – па пятніцу ўключна. Усе гэтыя пытанні мы ўзгаднялі з праваўладальнікамі”.
З суботы, 16 красавіка, мінскія кінатэатры запрацуюць па звыклым раскладзе. Па словах Коктыша, у дні жалобы, гледачы і самі не вельмі хочуць наведваць кінатэатры.
На культурная праграма Ўправе Партыі БНФ таксама змянілася. У панядзелак быў адменены канцэрт барда Змітра Казлоўскага, у аўторак – прэзентацыя кнігі Ўладзіміра Падгола. Але на Ўправе мяркуюць, што ўжо ў пятніцу мерапрыемствы мусяць аднавіцца.
“У пятніцу планаваўся канцэрт салідарнасці з Японіяй “Востраў надзеі”. Сумная нагода і ў прынцыпе пятніца – ужо можна адмяняць траур пакрыху вось такімі сумнымі нагодамі”.
У пятніцу, 15 красавіка не адбудзецца выступ піцерскага гурта “Animal ДжаZ”. Імпрэза перанесены на суботу! Арганізатар канцэрта Зміцер Хламаў падцвердзіў гэтую інфармацыю:
“Канцэрт адбудзецца 16 красавіка ў 20:00. Было вырашана перанесці на дзень.”
Праз тэракт у мінскім метро адменены выступ легенды сусветнага джаза – аркестра Дзюка Элінгтана, які мусіў адбыцца 12 красавіка ў Вялікай залі мінскай Філармоніі. Адмовіўся ад канцэртаў у сераду і чацвер БДА “Песняры”.
У галерэі “Ў” адмянілі прэзентацыю выставы Васіля Пачыцкага, што мусіла адбыцца 12 кастрычніка. Але дзеючая выстава працуе. А вось у бары “Малако” адмовіліся ад усіх запланаваных канцэртаў і вечарынаў па суботу ўключна.Змяніўся і плэйліст у бары: зараз грае нейтральная музыка, у асноўным, класічны джаз.
Жалоба не абыйшла і футбольны чэмпіянат Беларусі. Чацвёрты тур, які пройдзе 15 красавіка, пачнецца з хвіліны маўчання. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў прэс-службе Беларускай федэрацыі футбола:
“Усе матчы будуць пачынацца з хвіліны маўчання. Усе каманды выйдуць на поле ў жалобных павязках”.
Нагадаем, 13 красавіка ў Мінску абвешчаная жалоба па ахвярах тэракта, што адбыўся ў мінскім метро 11 красавіка.
Фота: Life