Пафала: Не трэба перакладаць адказнасць і крытыкаваць апазіцыю

-- Як вы ацэньваеце сённяшні стан беларускай апазіцыі і наколькі, на ваш погляд, яны могуць нешта змяніць у Беларусі?

Рональд Пафала: Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі да такой ступені катастрафічныя, што не мае значэння, хто працаваў бы ў палітычнай апазіцыі. Хто б гэта не быў, ён не змог бы працаваць без абмежаванняў. У вас па-ранейшаму існуюць палітычныя вязні, працягваюцца рэпрэсіі, хатнія арышты. Гэта цалкам непрымальная сітуацыя. І пакуль такія рэпрэсіі і запалохванні існуюць, ніводная з палітычных партый не зможа існаваць і развівацца так, як гэта нам уяўляецца, ці як гэта пажадана для палітычнай апазіцыі.



-- Напярэдадні нашай сустрэчы вы сустракаліся з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў. Якія ў вас склаліся ўражанні – яны здольныя да аб’яднання?

Рональд Пафала: Сапраўды, я сустрэўся з тымі, сярод каго шмат маіх старых сяброў. Якія, дарэчы, пасля 19 снежня таксама прайшлі праз зняволенне. І сустрэць іх на свабодзе было для мяне вялікай радасцю. У зняволенні ім давялося шмат чаго перажыць. А выбары ў вас усё адно не будуць свабоднымі. Таму, не так важна, якую стратэгію для будучых парламенцкіх выбараў абярэ апазіцыя – сумесную ці “індывідуальную”. Апазіцыя на гэтых несвабодных выбарах мае мінімальныя шанцы ў любым выпадку. Лукашэнка павінен стварыць умовы для таго, каб у Беларусі былі свабодныя выбары. Не трэба перакладваць адказнасць і крытыкаваць тыя ці іншыя варыянты дзеянняў апазіцыі. Першае і адзінае, што трэба крытыкаваць – палітычную несвабоду і палітычныя рэпрэсіі, якія існуюць у Беларусі. Беларускі рэжым не зможа дабіцца хаця б мінімальнай легітымізацыі да таго часу, пакуль у краіне будуць палітычныя вязні. Лукашэнка павінен усіх вызваліць – кропка!



-- Але ж у гэтым пытанні ёсць пэўны прагрэс…

Рональд Пафала: Так, пэўны прагрэс ёсць. Хаця ў дадзены выпадку я б не хацеў ужываць менавіта гэтае слова. Бо тое, што палітычныя вязні па-ранейшаму ў Беларусі ёсць, амаль праз паўтары гады пасля падзей 19 снежня, гэта цалкам непрымальна. Як і тое, што ў вас да гэтага часу існуе смяротнае пакаранне. У нас існуюць базавыя каштоўнасці, якія непадзельна звязаныя з прававой сістэмай. На наш погляд, смяротнае пакаранне проста не сумяшчальнае з крымінальнай сістэмай прававой дзяржавы. Ва ўсіх 27 чальцоў Еўрапейскага саюза па гэтым пытанні існуе кансенсус. У вас жа смяротнае пакаранне не толькі не выкрасленае з Крымінальнага кодэкса, але, што найбольш жахліва, яно прымяняецца і выконваецца. Некалькі  тыдняў таму мы перажылі шок, калі былі выкананыя прысуды двум злачынцам, якіх абвінавацілі ў здзяйсненні тэрарыстычнага акту ў метро. Я не хачу казаць нешта пра нейкую невінаватасць злачынцаў. Я проста хачу сказаць, што ў прававых дзяржавах такія працэсы цягнуцца месяцы і месяцы. Праводзяцца ўсе неабходныя экспертызы, калі ёсць хоць нейкі сумнеў у выніках раней праведзеных экспертыз, каб былі знятыя любыя сумневы. Калі вінаватасць немагчыма даказаць цалкам, без усялякіх сумневаў, то прысуд выносіцца на карысць абвінавачанага. Падчас таго крымінальнага працэсу ў Беларусі гэтыя прынцыпы цалкам не былі ўлічаныя. Мне расказвалі, што прызнанні “выбіваліся”, ці іх дабіваліся запалохваннем, а падчас працэсу ад іх адмаўляліся. Але на гэта не звярталася ўвагі і прысуд быў усё адно вынесены. І, што самае неверагоднае, вынесеныя прысуды былі выкананыя! Мы ж лічым, што жыццё – гэта самая вялікая каштоўнасць. У вас з гэтым сітуацыя не самая лепшая. Менавіта таму мы настойваем на вызваленні ўсіх палітвязняў. Пакуль будуць палітвязні – будуць санкцыі.



-- Якія?

Рональд Пафала: Праблема нашых санкцый у тым,што мы жадаем запусціць такія санкцыі, якія не закрануць звычайных беларусаў. Паколькі яны не нясуць адказнасці за тое, што сёння адбываецца ў Беларусі. Санкцыі павінны ўдарыць па кіраўніцтве рэжыму і паказаць гэтым людзям, што іх паводзіны непрымальныя. Нас папракаюць у тым, што мы недастаткова паслядоўныя, недастаткова рашучыя. Я не падзяляю гэтай крытыкі. Я лічу, што простых грамадзян санкцыі не павінны закрануць ні ў якім выпадку. А толькі тых, хто знаходзіцца ў палітычным кіраўніцтве, сістэме юстыцыі, эканоміцы – хто адказвае за тое, што гэты рэжым працягвае існаваць і працягвае паводзіць сябе так, як ён сябе зараз паводзіць.

-- Еўракамісар Фюле прэзентаваў “мадэрнізацыйны дыялог” для Беларусі. Ці магчыма, што да гэтага праекту далучацца беларускія ўлады, будуць у ім рэальна задзейнічаныя?

Рональд Пафала: Так званы “мадэрнізацыйны дыялог” скіраваны на тое, каб весці дыялог і распрацоўваць прапановы з беларускай грамадзянскай супольнасцю і палітычнай апазіцыяй, а не з рэжымам! Абсурдам выглядае дыялог з аўтарытарным рэжымам на тэму таго, як можа выглядаць будучае! Размова ідзе выключна пра тое, каб з палітычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю вёўся такі дыялог. Нягледзячы на тое, што сёння Еўропа ва ўзаемаадносінах з Беларуссю перажывае найвялікшыя палітычныя цяжкасці, у нашым разуменні, менавіта гэтым людзям павінна быць дадзеная магчымасць працягу дыялогу з Еўропай.



-- Нават еўрапейскія эксперты сцвярджаюць, што сёння Еўрасаюз не мае ў дачыненні да Беларусі стратэгічнай цікаўнасці – адцягваюць увагу падзеі ў краінах Паўночнай Афрыкі, свае ўнутраныя эканамічныя праблемы. Гэта сапраўды так? Якія бліжэйшыя перспектывы развіцця ўзаемаадносінаў паміж ЕС і Беларуссю?

Рональд Пафала: Што тычыцца перспектыў: Лукашэнка павінен выканаць галоўную ўмову – вызваліць палітвязняў. Менавіта ён у адказе за тое, што ў вашай краіне пануюць адсутнасць свабоды, рэпрэсіі і страх. Не зразумела, чаму з нашага боку мусяць запускацца нейкія праекты, здзяйсняцца нейкія падыходы да таго часу, пакуль не будзе выкананая гэтая ўмова, і не будуць створаныя адпаведныя ўмовы для нейкіх крокаў? Пакуль ён гэтыя ўмовы не выканае – ніякіх грунтоўных зменаў у адносінах Еўрасаюза да Беларусі не будзе. І гэта ваш прэзідэнт мусіць ведаць. Беларусь – фантастычная краіна, якая з’яўляецца часткай Еўропы, з багатай гісторыяй. І гэта нешта трагічнае, калі такой краінай кіруе прэзідэнт, які адарваў Беларусь ад Заходняй Еўропы. А менавіта ваша краіна магла б стаць тым мостам, які б звязваў Еўропу з іншымі часткамі нашага кантынента. Ход – за Лукашэнкам.



-- Ці можна чакаць, што ў тым выпадку, калі парламенцкія выбары пройдуць без відавочных рэпрэсій, то ў Еўропе ўспрымуць гэта ў якасці нейкай прыкметы магчымай лібералізацыі ў Беларусі і пойдуць такі на аднаўленне дыялогу з афіцыйным Мінскам. Нават, калі  палітвязні будуць па-ранейшаму за кратамі, і ў парламент ніхто з апазіцыі не патрапіць?

Рональд Пафала: Да таго часу, пакуль у Беларусі будзе хаця б адзін палітычны зняволены, такой формы дыялогу з беларускім рэжымам, пра які вы сказалі, не будзе. Нават калі на гэтых выбарах не будзе такіх рэпрэсій, як на папярэдніх, ад гэтага самі выбары лепшымі не стануць. І калі нават не будзе затрыманняў, арыштаў, збіцця – гэта не легітымізуе самі выбары. А тое, што гэтыя выбары не будуць прызнаныя легітымнымі, відавочна сыходзячы з таго, як яны нават на сённяшнім этапе арганізуюцца. І яшчэ раз паўтару – Лукашэнка павінен вызваліць палітвязняў! Гэтае патрабаванне мы ніколі не здымем.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі