Паўдзельнічаць у беларускім адборы Emergenza жадаюць каля 100 гуртоў
Заяўкі будуць прымаць яшчэ тыдзень, але магчымасць выступіць у міжнародным фінале атрымаюць толькі 25 каманд.
На ўдзел у беларускім адборы міжнароднага фестывалю Emergenza ўжо падалі заяўкі каля ста гуртоў, пры тым, што апошняй датай прыёму названае 31-га студзеня. У шорт-ліст адбору, які плануецца агучыць на пачатку лютага, трапіць толькі 25. Адсейваць “слабейшыя” каманды будуць аргкамітэт расійскай часткі фестывалю ды беларускія арганізатары.
Што ж тычыцца паўфінальных канцэртаў, то ніякіх зменаў у галасаванні ці падыходзе да адбору не адбудзецца, адзначае беларускі прадстаўнік Emergenza Віталь Ціхановіч. Хіба толькі, праходзіць яны будуць у меншых клубах. Пераможца беларускага адбору, як і раней, паедзе на рэгіянальны фінал у Маскву, дзе паспрабуе перамагчы украінскага лідара ды лідараў шэрагу буйных Расійскіх гарадоў.
“Сёлета ў фестывалю Emergenza-Russia юбелей, ён праходзіць ужо пяты год, — працягвае Віталь. — Таму яго пераможца, апроч класічнага ўдзелу ў міжнародным фінале на нямецкім Taubertal Festival, атрымае 100 тысяч (расійскіх) рублёў, што эквівалентна 3000 долараў. Беларускія ж адборы пачнуцца ў сакавіку, праўда, пакуль ні канкрэтнай даты, ні месца няма”.
За тры гады прысутнасці Emergenza ў Беларусі, самага вялікага поспеху дасягнуў мінскі гурт No Comment Band. Каманда выйграла расійскі фінал, і на міжнародным фінале ў Германіі трапіла ў першую дзесятку. А бас-гітарыст гурта Алег “Лімон” стаў адным з лепшых музыкаў фэсту па версіі імпрэзы.
Рэгістравацца на ўдзел трэба на сайце www.emergenza.net. Усю неабходную інфармацыю па Беларусі можна атрымаць у адмысловай суполцы “Вконтакте”.
Дадатковая інфармацыя: +375 29 630 18 80
Emergenza — музычны марафон, які праходзіць у больш чым 20 краінах свету. Гэта найбуйнейшы міжнародны музычны фестываль для пачаткоўцаў ды паўпрафесійных гуртоў. Фестываль праходзіць ва ўсіх буйных гарадах заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Удзел у ім могуць узяць гурты любой стылістыкі, яны могуць выконваць як уласныя творы, так і каверы. Пераможца міжнароднага фіналу ў Германіі ў межах 30-тысячнага Taubertal Open Air атрымлівае гадавую прома-падтрымку ад арганізатараў фэсту, а таксама бюджэт на развіццё гурта.