Павел Свярдлоў: Мяне і яшчэ 22 чалавекі затрымалі "за групавую лаянку"

Карэспандэнт Еўрарадыё Павел Свярдлоў быў затрыманы у 12.30 ля дома 31 па праспекце Машэрава. Паведле міліцэйскага пратаколу, ён і яшчэ 22 незнаёмыя яму чалавекі сабраліся там стыхійна і парушалі артыкул 17.1  Адміністратыўнага кодэкса: яны адначасова лаяліся матам, не рэагуючы на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі. Пра гэта мы пагутарылі з нашым карэспандэнтам пасля яго вызвалення, якое адбылося пасля асабістага ўмяшання прэс-сакратара ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Ластоўскага.

Еўрарадыё: Як табе 3 ліпеня, Павел?

Свярдлоў: Дзень прыўкрасны, на Акрэсціна я выспаўся ўпершыню за апошнія два тыдні, хаця было цвердавата. Я і 9 хлопцаў сядзелі ў камеры, над дзвярыма якой было напісана "Малады фронт". Так што мы там былі не першыя.

Еўрарадыё: І не апошнія. Як  цябе затрымалі і з кім?

Свярдлоў: Там затрымлівалі без нейкіх правілаў. Узялі, напрыклад, хлопца, які прыехаў на парад у в'етнамках, шортах і цішотцы - звычайны летні мінак. Паводле яго слоў, яго з сябрам паспелі прапусціць праз турнікеты, а трэцяга сябра, з якім яны былі - не. Першыя двое паспелі прайсці метраў 200, як іх папрасілі "прайсці". У мяне склалася ўражанне, што нас узялі і трымалі на Акрэсціна, каб мы не паехалі далей на акцыі, хаця, паўтаруся, людзей, якія ўвогуле збіраліся ўдзельнічаць у якіх-небудзь акцыях, сярод нас амаль не было.

Нас прывезлі ў Фрунзенскі РАУС і там міліцыянты пыталіся: "Вас за што ўзялі?" А хлопцы перапытвалі: "Па пратаколе ці па факце?" Бо па пратаколе мы ведалі, што нам інкрымінуюць, а па факце - не было за што. Бралі тых, хто пляскаў або адварочваўся спінай да Аляксандра Лукашэнкі. Але іх сярод затрыманых было вельмі няшмат. Бо бралі і проста тых, хто здымаў парад на тэлефон. Адзін мужчына казаў, што ён убачыў, як затрымліваюць маладога чалавека, і ў яго быццам бы інстынкт спрацаваў: сфатаграфаваць. Я стаяў, да мяне падышлі ззаду, узялі за локаць і сказалі: "Прайдзёмце, пажалуста". У аўтобусе сядзелі яшчэ 12 чалавек, якія сустрэлі воплескамі. Потым прывялі яшчэ трох, з іх двое - журналісты дзяржаўных СМІ.

Еўрарадыё: У чым цябе  вінавацілі?

Свярдлоў: Калі верыць пратаколу, то на былым праспекце Машэрава а 12.30 ля дому 31 сышліся 23 незнаёмыя чалавекі, пачалі лаяцца матам, матляць рукамі і не рэагаваць на заўвагі. Быццам бы да нас падыходзілі людзі і казалі: "Хлопцы, супакойцеся", а мы працягвалі.

Еўрарадыё: А суд будзе?

Свярдлоў: Суд можа быць. Калі цягам двух тыдняў прыйдзе позва ў суд - давядзецца судзіцца.

Еўрарадыё: Цябе ўзялі ў 12.30, а выпусьцілі праз 10 гадзін. Ты вячэраў?

Свярдлоў: Не, мы не вячэралі, хаця і распісаліся, што нас "паставілі на давольствіе". І хлопцы ўвечары ўзнялі бунт, лаяліся з некай нейкай цёткаю, што няма запальнічак і вячэры.

Еўрарадыё: Ну, добра, што дома павячэраеш. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі