Плітачнік, мэбельшчык, трубач на хаўтурах... Кім працуюць беларускія рокеры
Леслі “Ножык” — капірайтар, Рома Жыгараў — асвятляльнік, бубнач Pomidor/OFF займаецца сертыфікацыяй, а басіст “Петли Пристрастия” працуе ў банку.
130319_malina_muzyki_praca.mp3
Рэдкі беларускі рок-музыка можа пахваліцца, што жыве выключна з музыкі. Ды што там: нават музыкі некаторых папулярных гуртоў вымушаныя кожную раніцу хадзіць у офісы ці на заводы. На творчасць застаецца вечаровы час. І тое калі ва ўсіх музыкаў атрымаецца.
Гітарыст Akute Рома Жыгараў паводле спецыяльнасці — юрыст міжнароднага права. Але, каб спакойна займацца музыкай, уладкаваўся мастаком па святле. На працу ходзіць толькі тады, калі выклікаюць.
“Я да гэтага ішоў вельмі доўгі час, — прызнаецца музыка. — Натуральна, я працаваў і па спецыяльнасці, у вялікіх кампаніях. Але шмат разоў было такое, што мяне не адпускалі на канцэрт, бо на тэлефоне вісеў які-небудзь кліент з Германіі. І я проста кідаў працу. А што рабіць!? Трэба ж вырашаць, што ў жыцці галоўнае”.
Як кіраваць сцэнічным святлом, Рома вучыўся самастойна. Яго цяперашнія калегі даведаліся пра Akute толькі нядаўна. Але цікавасці, апроч: “Можа дасі кантрамарачку!” — не праяўляюць.
Выхадны дзень пад канцэрт — вечная праблема для басіста “Петли Пристрастия” Цімафея Савіцкага. З калегамі па ўпраўленні забеспячэння дзейнасці банка Цімафей размаўляе пра музыку вельмі рэдка.
“У мяне ў асноўным усе на працы былыя ваенныя. Ну, а я мілітарыст-тэарэтык. Да таго ж, яны амаль усе паляўнічыя, я рыбак, — пералічвае тэмы для размоваў з супрацоўнікамі Цімафей. — У нас ёсць агульныя кропкі. Размаўляем пра прыроду… Ды і ўвогуле, мужчыны заўсёды знойдуць, пра што паразмаўляць”.
Каб даведацца тэлефон трубача “Палаца” Юрыя Белякова, тэлефаную Алегу Хаменку. “А што, нехта памёр?” — перапытвае музыка, знайшоўшы нумар. Справа ў тым, што Юры з 16 гадоў падпрацоўвае на хаўтурах! Музыка скардзіцца, што апошнім часам замоваў няшмат. Музыкі патрэбныя толькі разоў пяць на месяц, а ў асноўным замаўляюць святароў.
Вакаліст “Йо-Йо” Віктар Гурын займаецца “вытворчасцю мяккай мэблі паводле чарцяжоў насельніцтва”.
“Калегі лічаць, што гэта і ёсць мая асноўная праца, а музыка з мяне — рыбін хер, — усміхаецца Віця. — Яны думаюць, што музыка для мяне — свавольства. Часам па радыё слухаем нашую песню, я пытаюся: “Ну як?” Кажуць: “Ну, нічога так!” А я ім і не кажу, што гэта я спяваю”.
Віця дадае, што яго супрацоўнікі з большага — аматары шансону. А ён пакуль не дасягнуў такой вышыні, таму нават дыскі ім паслухаць не дае.
Не ладзіць масавае праслухоўванне ўласных запісаў і інжынер лабараторыі дыягностыкі Мінскага заводу вылічальнай тэхнікі Зміцер Наркевіч. Некаторыя калегі бачылі яго ў складзе гурта Re1ikt па тэлевізары. А маладзейшыя дык нават бывалі на канцэртах. Але музычная тэма іх мала цікавіць. Ад 7-й да 16-й гадзіны яны гутараць пра фільмы, навіны, надвор’е… А калі нешта зламаецца, дык працуюць!
Дзень праз два ад восьмай да дваццатай назірае, каб не было збояў у камп'ютары, прасаўшчык падлогавай керамічнай пліткі Алесь Лютыч. Пра творчасць вакаліста :B:N: калегі цікавяцца толькі з пункту гледжання “дзе быў, дзе спяваў і колькі зарабіў”. Хоць некаторыя супрацоўнікі могуць і самі зазірнуць на канцэрт.
Што Славу Наважылава называюць Леслі “Ножык” і ён спявае ў Gods Tower, ведалі і калі ён быў грузчыкам, і калі тынкаваў сцены. І цяпер, калі Слава працуе капірайтарам у кампаніі "Медиа Лайн", таксама ведаюць.
“Час ад часу цікавяцца, але яны не аматары такой музыкі, — распавядае пра калегаў “Ножык”. — Шмат ёсць іншых захапленняў, якія нас аб’ядноўваюць. Напрыклад, танчыкі! А пра музыку можна і ў інтэрнэце, і на тых жа рэпетыцыях паразмаўляць!”
Чэмпіён па занятасці — бубнач Зміцер Харытановіч. Удзень ён шмат ездзіць па горадзе, размаўляе з рознымі людзьмі і “спрыяе атрыманню дазволаў на сертыфікацыю”. А ўвечары — Drum Ecstasy, Pomidor/OFF, :B:N:, “Или-или”, Hoha Band, Hasta la Fillsta! І гэта не ўлічваючы гурты, для якіх Зміцер запісвае барабаны ў студыі і якім патрабуецца “хуткая дапамога” на канцэртах, бо нешта здарылася з бубначом і г.д.
“Галоўнае ўсё рабіць паводле розуму, — спакойна тлумачыць сваю занятасць Харытановіч. — Тады будзеш паспяваць рабіць тысячы справаў. Чым больш ты заняты, тым больш у цябе вольнага часу!”
Гэта толькі невялічкі прыклад працы беларускага шоў-бізу. Удзень нашыя рокеры працуюць журналістамі, рэдактарамі, выкладчыкамі, таксістамі, прадаюць кветкі, будаўнічыя матэрыялы, дыскі, кіруюць IT-аддзеламі, робяць рамонты ў кватэрах, пералічваюць тавары ў крамах. Але кожны працоўны дзень, з 9-й па 18-ю, яны памятаюць, што гэта ўсё — дзеля таго, каб увечары ўзяць у рукі гітару, сесці за бубны, падысці да мікрафона, і… Жыве рок-н-рол!..
Загалоўнае фота: Зміцер Наркевіч каля прахадной "роднага" завода (generation.by), таксама Budzma.by, bnp.by,