Польскі МЗС перадаў беларускаму амбасадару ноту пратэсту
Гэта звязана з затрыманнем у Гродне журналіста “Газеты выборчай” і актывіста нефармальнага Саюза палякаў у Беларусі Андрэя Пачобута.
Беларускі амбасадар Віктар Гайсёнак быў выкліканы ў польскае знешнепалітычнае ведамства 22 чэрвеня ўвечары. Яму ўручылі ноту пратэсту і запатрабавалі неадкладнага вызвалення журналіста, перадае БелаПАН. Згодна з паведамленнем польскага МЗС, “падобныя дзеянні паглыбляюць самаізаляцыю ўладаў Беларусі, яшчэ больш ускладняюць адносіны з ЕС і параджаюць чарговую хвалю крытыкі з боку міжнароднай грамадскай думкі, што ў далейшым можа прывесці да пашырэння існуючых санкцыяў”.
Андрэй Пачобут быў затрыманы ўвечары 21 чэрвеня ў сябе дома ў Гродне. У яго кватэры правялі ператрус, пасля чаго журналіста адвезлі ў пракуратуру, а адтуль даставілі ў следчы ізалятар. У дачыненні яго распачатая крымінальная справа па ч.2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні прэзідэнта).