Прадпрымальнікі: “Калі ласка, правядзіце дэвальвацыю!”
З гэтым лозунгам бізнэсоўцы пагражаюць выйсці на вуліцы, калі ў краіне не з’явіцца валюта.
21 красавіка ў Мінскім сталічным саюзе прадпрымальнікаў адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная выкананню Дырэктывы №4. Але найбольш эмацыйна бізнэсоўцы абмяркоўвалі іншую тэму – валютную сітуацыю на беларускім рынку.
Падчас прэс-канферэнцыі прадпрымальнікі падзяліліся сваімі праблемамі.
Аляксей Пілінка, дырэктар прадпрыемства “Realpak”:
“Шмат якія кампаніі закрыліся, людзей адпусцілі ў адпачынкі. Чым больш пройдзе часу той вакханаліі на рынку, якая ёсць зараз, тым меней шансаў у гэтых кампаніі пачаць зноў працу. Дзесяткі тысяч людзей апынуцца на вуліцы”.
Спыняецца праца транспартных ды турыстычных кампаній. Канчаткова падарваны імідж дзяржавы, як эканамічна стабільнай, кажа Пілінка:
“Нашы пастаўшчыкі нам кажуць – мы вам цалкам давяраем як партнерам, але мы не давяраем вашаму ўраду, таму ні пра якую аплату па факце або частковую перадаплату гаворкі ісці не можа… Толькі 100% аплата кантрактаў. І толькі пасля гэтага будзе запушчаны працэс вытворчасці”.
Аматары папаліць зусім хутка могуць застацца без цыгарэт. Бо іх вытворчасць унутры краіны амаль спынілася, імпарту таксама няма, – кажа сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў:
“Па інфармацыі, якую я маю ў красавіку “Табакінвест” знізіў свае абароты на 98%. То бок практычна вытворчасць цыгарэт у нашай краіне спынілася. Ужо практычна тыдзень крамам іх не адгружаюць… Памятаеце тытунёвыя бунты ў 1990-х? Пастаўкі імпартных цыгарэт практычна спынілі, вытворчасць беларускіх – таксама”.
І падобныя праблемы цяпер шмат у якіх вытворцаў.
Ніякай іншай схемы выйсця з гэтай сітуацыі, акрамя ўсталявання адзінага курса – няма, упэўнены Маргелаў:
“Што заслужыла краіна, тое няхай і атрымае. Мы таксама пабяднеем... Але ў нас з’явіцца перспектыва. Сёння яе няма”.
А самі бізнесоўцы кажуць, што калі гэтага не адбудзецца, то яны выйдуць на вуліцы ў лозунгамі.
Аляксей Пілінка: “Калі ў бліжэйшы час не адбудуцца кардынальныя перамены на валютным рынку. Я маю на ўвазе адзіны валютны курс, няхай і высокі… Я думаю ўлады дамогуцца таго, што прадпрымальнікі выйдуць на вуліцы з лозунгамі – “Калі ласка, правядзіце дэвальвацыю”! Тое, чаго мы ўвесь гэты час баяліся, цяпер мы будзем гэтага чакаць як манну нябесную”.
Як адзначыў віцэ-старшыня сталічнага саюза прадпрымальнікаў, галоўны рэдактар часопіса “Фінансавы дырэктар” Андрэй Карпунін:
“Бізнесоўцы і іншыя людзі ўсё ж такі страхаваліся ад нейкіх дзеянняў Нацбанка. Але ніхто не думаў, што будзе абсалютнае бездзеянне”.