Пракуратура прызнала міліцыю вінаватай у ціску на Мікіту Шацікава
Міліцыянты Клубкоў і Касцоў будуць прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці.
Магілёўская праваабаронца Крысціна Шацікава атрымала ліст з мясцовай пракуратуры, у якім пракуратура прызнае ўсе скаргі, пададзеныя спадарыняй Шацікавай.
Еўрарадыё: Нагадайце нам, што гэта была за сітуацыя. За што вашага сына затрымалі і з чым гэта было звязана?
Крысціна Шацікава: Гэта ноччу з 16 на 17 жніўня мой непаўнагадовы сын быў затрыманы з сябрам сям’і. Яны вярталіся дадому. Іх затрымала патрульна-паставая служба. Ім не спадабалася, як яны выглядалі. У іх яны пабачылі, як яны самі кажуць, “маўчуноў”. Яны абшукалі 15-гадовае дзіця з ног да галавы: дасталі фотаапарат, флэшку, абшукалі заплечнік і знайшлі ў заплечніку тры налепкі, на якіх быў намаляваны супрацоўнік міліцыі, які збіў Вольгу Карач, кіраўніцу кампаніі “Наш дом”.
Яго гвалтоўна завезлі ў РУУС. Пры гэтым мне сказалі адзін адрас, а яго павезлі ў іншае месца. Я яго цэлую ноч забірала з РУУС, цэлую ноч нас там пратрымалі. Я ім тлумачыла, што гэтага рабіць нельга, але там палічылі, што ім усё можна. Аказалася, што не ўсё, як ні дзіўна.
Прыйшоў адказ, у якім пракуратура напісала, што “падчас праверкі інфармацыі, выкладзенай у вашай скарзе, факты наконт беспадстаўнага дастаўлення Мікіты Шацікава пацвердзіліся. У сувязі з гэтым вынесена пастанова аб узбуджэнні дысцыплінарнай справы ў адносінах да міліцыянераў Клубкова і Касцова”.
Еўрарадыё: Вашага сына ў суд яго не дастаўлялі пасля затрымання?
Крысціна Шацікава: Выклікалі інспектара па справах непоўнагадовых. Ніякага допыту я праводзіць не дала. Таму ніякай адміністратыўнай справы супраць яго не ўзбуджалася.
Еўрарадыё: Як пакараюць гэтых міліцыянтаў? Іх пазбавяць прэміі ці звольняць, што іх чакае?
Крысціна Шацікава: Цяпер я не ведаю. Але буду сачыць за тым, якое пакаранне яны панеслі. Я не буду спыняцца на гэтай паперцы, цягам 10 дзён буду чакаць рашэння, і калі мне не прыйдзе папера, дзе будзе сказана, якое пакаранне яны панеслі, то я буду пісаць адпаведныя заявы.