Пракуратура завяршыла расследаванне выбуху ў метро
Справа пра выбух у мінскім метро неўзабаве будзе перададзеная ў суд.
Пра гэта паведаміў намеснік генпракурора - начальнік следчага ўпраўлення Генпракуратуры Андрэй Швед, перадае БЕЛТА.
Папярэдняе расследаванне крымінальнай справы пра выбухі ў сталічным метро, а таксама ў Мінску ў 2008 годзе і ў Віцебску ў 2005 годзе завершанае. Матэрыялы справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд. Хутчэй за ўсё, справа будзе разглядацца ў Вярхоўным судзе Беларусі.
Пракуратура лічыць, што замоўцаў і спонсараў у Кавалёва і Канавала не было. Таксама намеснік генпракурора заявіў, што сувязі паміж мінскімі выбухамі і нарвежскім тэрарыстам Андэрсам Брэйвікам не выяўленыя.
Швед: "З усёй упэўненасцю магу сказаць, што дзейнічалі яны самастойна. Вынікі іх больш як 10-гадовай дзейнасці (а трэба сказаць, што першае злачынства яны ўчынілі ў 2000 годзе) — гэта 15 забітых грамадзян, сотні пакалечаных. Шкода склала больш за 2 мільярды рублёў".