Праваабаронцы сочаць за правамі чалавека праз Skype
За паўгода з Беларусі выдварылі амаль кожнага пятага прадстаўніка назіральнай місіі.
За 6 месяцаў з Беларусі дэпартавалі 10 прадстаўнікоў міжнароднай назіральнай місіі. Ім забаронена прыязджаць у краіну цягам 2 гадоў.
У адказ праваабаронцы пагражаюць высадзіць “грамадскі дэсант” назіральнікаў, але толькі ў выпадку калі будзе за чым назіраць.
“Пры неабходнасці мы можам высадзіць так званы грамадскі дэсант у вялікай колькасці, але калі трэба будзе назіраць за нейкімі асабліва буйнымі масавымі падзеямі”, — кажа кіраўнік міжнароднай назіральнай місіі Андрэй Юраў.
Ён, дарэчы, на выніковай прэс-канферэнцыі прысутнічаў віртуальна, праз Skype. Цяпер ён не мае права прыязджаць у Беларусь. Яго дэпартавалі ў сакавіку, бо праваабаронца трапіў у спіс “непажаданых гасцей”.
Праваабаронцы місіі пачалі працаваць у Беларусі з 27 снежня 2010 года. Нагодай для гэтага сталі прэзідэнцкія выбары і падзеі пасля іх.
“Тыя падзеі 19 снежня, тое, што адбывалася пасля і адбываецца па сёння, вымусіла нас рэагаваць”, — распавядае пра працу місіі старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак.
Кіраўнік місіі бачыць сувязь паміж парушэннямі правоў чалавека і эканамічнымі інвестыцыямі ў эканоміку краіны. У якіх, дарэчы, Беларусь цяпер мае патрэбу.
Андрэй Юраў: “Ніякія інвестыцыі ў Беларусь не пойдуць, калі не будуць захоўвацца 3 базавыя прынцыпы: першае — гэта свабода прэсы, другое — незалежныя суды і свабода адвакацкай дзейнасці, і трэцяе — свабодная дзейнасць грамадзянскіх арганізацый. Цяпер гэтае меркаванне даводзіцца да буйных палітычных сілаў. Мяркую, гэта кардынальна зменіць сітуацыю ўлетку ці ўвосень”.
У далейшым чальцы місіі збіраюцца даносіць інфармацыю да міжнародных арганізацый і да беларускай грамадскасці.
Па выніках сваёй працы праваабаронцы рыхтуюць аналітычныя дакументы. Пасля гэтыя матэрыялы дасылаюць і ў міжнародныя арганізацыі, і беларускім уладам. У адказ улады дэпартуюць місіянераў.
“Усе аналітычныя
матэрыялы ўтрымліваюць не толькі канстатацыю сумнага становішча, але і
прапановы па паляпшэнні. Гэтыя дакументы мы пасылалі ў міжнародныя інстанцыі і
да ўладаў. Улада публічна не рэагавала. А непублічна рэагавала высылкай
прадстаўнікоў нашай місіі”, - кажа прадстаўнік назіральнай місіі Дзмітры Макараў
Дарэчы, праваабаронцы лічаць затрыманне ўдзельнікаў “маўклівых гулянняў” неправамоцнымі. Гэтак, прадстаўнік місіі Дзмітрый Макараў мяркуе, што затрыманні “маўклівых рэвалюцыянераў” — гэта здзек з правоў чалавека.
“Мы расцэньваем дзеянні міліцыі непрапарцыйнымі і неабгрунтаванымі. Пакуль дэманстранты не перайшлі мяжу гвалту, любыя дзеянні да іх — неабгрунтаваныя”.
За 6 месяцаў за правамі чалавека ў Беларусі назіралі 55 праваабаронцаў з Расіі, Украіны, Грузіі ды іншых краін.