Пуцёўкі ў некаторыя беларускія санаторыі скончыліся яшчэ ў студзені
А тыя, што засталіся, цяпер накіроўваюцца ў Расію. І прадаюцца ўтрая даражэй
“Вядучыя санаторыі пуцёўкі прадалі. Не толькі "Нарач", яшчэ, напрыклад, брэсцкія санаторыі. Гэта заходняя і паўднёвая нашы зоны. І вялікія санаторыі на Нарачы. Засталіся толькі адзінкі”, - распавядае Еўрарадыё дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Мікалай Мазур.
Па яго словах, за мінулы год у Беларусі правялі свой адпачынак амаль 194 тысячы замежнікаў. Ці 15 адсоткаў ад агульнай колькасці тых, хто адпачыў у Беларусі. У гэтым годзе беларускія санаторыі гатовыя прыняць яшчэ больш замежнікаў.
Мікалай Мазур: “Цягам 1-2 гадоў у нас з’явілася 10 новых санаторыяў. Я думаю, што ў гэтым годзе будзе на 10 адсоткаў больш замежнікаў ці на 20 тысяч чалавек. Мы рускамоўная краіна. І 95 адсоткаў замежнікаў, якія ў нас адпачываюць – расіяне. Яшчэ едуць палякі і з Прыбалтыкі, крыху немцаў”.
Зараз пуцёўкі, якія не паспелі прадаць у Беларусі, накіроўваюцца на продаж у Расію.
Мы вырашылі праверыць, ці можна яшчэ ўпісацца на адпачынак у беларускі санаторый на лета. У “Лясных азёрах” у Віцебскай вобласці яшчэ ёсць вольныя месцы, але толькі для членаў прафсаюза, якія раней падавалі заяўкі.
Санаторый “Лясныя азёры: “Лета ў нас ужо прададзенае. У нас ёсць пэўныя абавязкі перад турыстычнымі фірмамі, якія загружаюць нас падчас міжсезоння”.
У санаторыі “Спадарожнік” на Нарачы адпачываюць супрацоўнікі “Беларусбанка”. Самы танны 2-мясцовы нумар тут каштуе 235 тысяч рублёў. Пуцёўкі ў “Спадарожніку” скончыліся яшчэ ў студзені.
Санаторый “Спадарожнік”: “На лета мы ўжо нічога не прапаноўваем, у нас ужо ўсё забраніравана. 3 студзеня адкрылі браніраванне на лета, і за 2 дні ў нас было ўсё забраніравана”.
У санаторыі “Світанак”, што недалёка ад Гродна, пуцёўка для замежніка будзе каштаваць у тры разы больш, чым для беларуса. Тым не менш, адпачыць у “Світанку” летам, наўрад ці, атрымаецца. Бо больш за палову пуцёвак выкупілі расіяне.
Санаторый “Світанак”:“Увогуле, амаль усё ўжо забраніравана. Але засталіся такія невялікія вокны па 7-10 дзён. Забраніраваны ўвесь красавік, у траўні засталося каля 7 нумароў, ды і чэрвень таксама забраніраваны”.
У той жа час дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Мікалай Мазур лічыць, што ў беларускіх санаторыях няма засілля замежнікаў. І раіць беларусам клапаціцца аб сваім адпачынку загадзя.
Фота: naroch.land.ru